Беларусь за дзень дамаглася адмены расейскіх санкцыяў


«Яны ў нас тры прадпрыемствы адкрываюць для паставак, пяць закрываюць, пяць адкрываюць, шэсць закрываюць. Ведаеце, ідзе вось гэты непрыкрыты ціск», – наракаў Аляксандр Лукашэнка на дзеянні Рассельгаснагляду амаль год таму.

Сёлета сітуацыя выглядае ненашмат адрознай

Сёння Расейскае санітарнае ведамства зняло забарону на пастаўкі ў Расею з двух беларускіх прадпрыемстваў – Велград і Пружанскі камбінат. Адначасова, мела ўвесці санкцыі супраць чатырох іншых, але ў рэестр ведамства тры з іх так і не трапілі.

Апошні ўдар па беларускім малочным экспарце мог бы быць адным з наймацнейшых пасля 2009 году, калі Расея часова ўвяла татальную забарону на беларускае малако.

Гэтым разам санкцыі кропкавыя

Упершыню былі заяўленыя абмежаванні адносна кампанія Савушкін прадукт – найбуйнейшага ў Беларусі вытворца малака. Па выніках мінулага году, на гэты прыватны холдынг прыйшлася дзясятая частка ўсяго беларускага экспарту малочных прадуктаў. Тыдзень таму Аляксандр Лукашэнка ўганараваў гэтае прадпрыемства дзяржаўным штандарам – як флагмана айчыннай малочнай галіны.

Уладальнік Савушкінага Прадукту, бізнесовец Міхаіл Машэнскі вядомы сваймі асабістымі сувязямі ня толькі з Аляксандрам Лукашэнкам, але і, напрыклад, з бізнесоўцам Генадзем Цімчанкам, якога расейскія медыі называюць блізкім сябрам Уладзіміра Пуціна. І цяпер, хаця прадпрыемства неаднаразова атрымлівала папярэджанні Рассельгаснагляду аб утрыманні ў яго прадукцыі шкодных антыбіётыкаў, заяўленыя абмежаванні гэтак і не ўвялі.

Санкцыі – лабізм расейскіх вытворцаў?

Беларускія ўрадоўцы сцвярджаюць, што Рассельгаснагляд, у парушэнне дамоўленасцяў аб Еўразійскім саюзе, праз абмежаванне беларускага экспарту, лабіруе эканамічныя інтарэсы ўласных вытворцаў. Чыноўнікі з Масквы пераконваюць, што змагаюцца выключна з кантрабандай еўрапейскіх харчоў праз Беларусь і з нездавальняючай якасцю ўласна беларускай прадукцыі.

У выніку тэрміновых перамоваў Рассельгаснагляду з афіцыйным Менскам, замест абмежавання на экспарт у Расею харчы Савушкінага прадукта, акцыянернага таварыства Малочныя Горкі ды Рагачоўскага малочна-кансервавага камбінату, застануцца пад узмоцненым лабараторным кантролем. Закрыты расейскі рынак для прадукцыі кампаніі Вітконпрадукта. Агулам цяпер абмежаванні Рассельгаснагляду распаўсюджваюцца на паўсотні беларускіх харчовых прадпрыемстваў з сямісот.

Станіслаў Івашкевіч, «Белсат»