Беларусь як закладнік у супрацьстаянні паміж НАТО і Расеяй


Пытанні брэкзіту, будучыні НАТО і ўплыву Расеі на Усходнюю Еўропу. Прыблізна семсот дыпламатаў ды экспертаў у галіне вонкавай палітыкі і бяспекі два дні займаліся гэтымі пытаннямі ў Рызе. Аднак праз суседства з нашаю краінай ды апошнія навіны пра ўзмацненне ўсходняга флангу НАТО ля нашых межаў шмат хто задаецца і беларускім пытаннем.

Ці беларусы – мірныя людзі, задаюцца пытаннем на Рыжскай канферэнцыі. І хаця насоўваецца станоўчы адказ, праблема не ў самых беларусах. У Расеі абурыліся інфармацыяй пра будучае з’яўленне ў Польшчы амерыканскай вайсковай базы і разважаюць пра магчымы адказ.

«Сыходзячы з такой дынамікі фармавання пагрозы для Расеі і Беларусі, натуральна, будзе задзеяны той ці іншы план. І не выключаны варыянт, калі ў Беларусі будзе размешчаная база па пагадненні прэзідэнтаў дзвюх краінаў», кажа Андрэй Кошкін, асацыяцыя вайсковых палітолагаў, Масква.

Аляксандр Лукашэнка тры гады таму адмовіўся ад амаль падпісанага пагаднення пра стварэнне расейскай авіябазы каля Баранавічаў. Тады, кажуць расейскія эксперты, яна Маскве і не надта была патрэбная. Аднак існая палітыка Крамля не дазваляе не адказаць на ўзмацненне ўсходняй мяжы НАТО.

«Пагроза вайны рэальна расце. Пагатоў гэтак напісана ў дырэктыўных дакументах, што будзе расці. І расце нават хутчэй, чымся імі было прадугледжана. Яны прадугледжвалі 20-ыя гады – да 30-ых, а цяпер яно можа раней прыйсці – у выніку Крыму, шмат чаго іншага», мяркуе Павел Фельгенгаўэр, ваенны аглядальнік«Новай газеты».

Міжнародныя эксперты ў Рызе не сумняюцца, што калі Крэмль захоча, то расейскія войскі зʼявяцца ў Беларусі ў той жа дзень. І калі гэтак званы форт Трампа ў Польшчы невядома калі і ці зʼявіцца, Масква гатовая ўжо цяпер.

«Пад час манеўраў «Захад-2017» была адпрацаваная і падрыхтаваная лагістыка ў Беларусі для магчымасці пакінуць там расейскія войскі на стала. То бок расейцы значна апярэдзілі яшчэ толькі магчымыя амерыканскія дзеянні», кажа экс-міністр абароны Польшчы Антоній Мацерэвіч.

На сёння краінам Балтыі хапае непакою і праз беларускую АЭС у Астраўцы. Літоўскія афіцыйныя асобы і эксперты ўздымаюць гэтае пытанне пры любой магчымасці. Дык цяпер яшчэ дадалося пытанне ваеннай бяспекі.

«Мы і так бачым, што беларускія і расейскія ўзброеныя сілы вельмі інтэграваныя, але зʼяўленне вайсковай базы ў Беларусі было б чарговым доказам таго, што нельга весці гаворку пра нейкую незалежную абарончую палітыку Беларусі. І ўсе разумеюць: што б ні адбывалася ў нашым рэгіёне, Беларусь будзе рэагаваць згодна з пажаданнямі Расеі», мяркуе дырэктар цэнтру еўрапейскіх даследаванняў Лінас Каяла.

Як супрацьстаяць гэтаму? Выглядае, што эксперты ў Рызе з самым афіцыйным Менскам размаўляць плёну не бачаць. Усё ўпіраецца ў Крэмль.

«Мы бачым, што Расея проста не хоча падпарадкоўвацца міжнародным нормам. І разам з гэтым усведамленне таго, што мы кажам пра агрэсара, каторы адступіць толькі перад сілаю, расце ўва ўсіх еўрапейскіх краінах» кажа экс-міністр абароны Польшчы Антоній Мацерэвіч.

Пакуль Захад з Расеяй мераюцца цягліцамі, афіцыйны Менск будзе працягваць трымацца сваёй адносна нейтральнай пазіцыі, мяркуюць адмыслоўцы. Аднак момант, калі ў Лукашэнкі скончыцца поле для шматвектарнага манеўру, усё бліжэй.

Усевалад Шлыкаў, «Белсат»