Беларус выйграў амерыканскі грант, але дзяржава не дае яго рэалізаваць


Выйграў амерыканскі грант, але не можа яго зрэалізаваць. Заснавальнік платформы «Petitions.by» хоча стварыць сэрвіс для інфармавання насельніцтва пра грамадскія слуханні. Але дзяржава ініцыятыву адкінула. Маўляў, не адпавядае дзяржаўным інтарэсам. Чаму ўлады баяцца карыснага і зручнага IT-праекту?

Ёсць прыклады ўдалых грамадскіх слуханняў, калі збіраецца поўная зала зацікаўленых у выказванні меркавання. Але здараецца, калі пра слуханні, датычныя зносу сваіх дамоў, людзі даведаліся выпадкова:

«На старонцы «адміністрацыі» апавяшчэнне было схаванае», – кажа адзін з удзельнікаў слуханняў.

Каманда Уладзіміра Кавалкіна, які заснаваў папулярную платформу «Зручны горад» для стварэння петыцыяў, узялася даць карыстальнікам магчымасць сачыць за графікам «грамадскіх слуханняў».

«Гэта па сутнасці такая, web-платформа якая будзе збіраць звесткі аб усіх грамадскіх абмеркаваннях у Рэспубліцы Беларусь і публікаваць у адзінай кропцы. Такім чынам людзям не трэба будзе хадзіць па розных старонках выканкамаў», – кажа заснавальнік праекту «Зручны горад» Уладзімір Кавалкін.

Уладзімір заявіў праект на праграму малых грантаў ад амбасады ЗША ў Беларусі і выйграў, бо ідэю знайшлі сацыяльна значнай, спрыяльнай развіццю грамадзянскай супольнасці. Калі пачаў рэгістраваць атрыманыя грошы, адразу пабачыў:

«На самай справе працэдура вельмі складаная і забюракратызаваная, складаецца са шматлікіх крокаў. На кожным этапе рэгістрацыі праектных грошай вам могуць адмовіць. Нам адмовілі на самым першым кроку, калі неабходна запрасіць ліст падтрымання з міністэрстваў».

Гаворка пра профільнае Міністэрства сувязі і інфарматызацыі, а таксама Мінпрыроды і Мінбудархітэктуры.

У адказе з апошняга напісана: «Заяўленыя мэты дапамогі не адпавядаюць нацыянальным інтарэсам, дзяржпраграмам, перспектывам развіцця, планам і стратэгіям, а таксама заканадаўству і міжнародным абавязкам Рэспублікі Беларусь».

Аўтары ідэі не згодныя з фармулёўкаю, кажуць, ІТ-праект мае ў зручнай форме і своечасова інфармаваць людзей пра чыноўніцкія задумы і спрацаваць на карысць Мінсувязі, якое мае зрабіцца ІТ-міністэрствам і займацца развіццём лічбавага грамадства. Нават урад наказваў:

«Выказваючыся моваю, прывычнаю нашым дзяржаўным праўленцам, наступная пяцігодка ў нашай краіне мае стацца і паводле назвы, і паводле духу, і паводле зместу – лічбавай», – заявіў віцэ-прэм’ер Беларусі Аляксандр Турчын.

Чаму гэтае патрабаванне не распаўсюджваецца на лічбавы праект «Грамадскія абмеркаванні» пры партале «Petitions.by» – тлумачыць Вольга Беляўцова, якая наведвае амаль усе слуханні ў Менскім раёне. Кажа – палова з іх праходзяць з прэтэнзіямі да чыноўнікаў, бо датычаць ушчыльнення забудовы гатэлямі, шараговікамі ды гандлёвымі цэнтрамі ў той час калі не стае паркаў, школ і дзіцячых садкоў.

«Вось зайдзіце на сённяшні дзень на старонку Менскага райвыканкаму і спрабуйце знайсці рубрыку «грамадскае абмеркаванне». Калі вы не ведаеце дзе канкрэтна яна знаходзіцца, то можаце падлічыць, колькі часу вам спатрэбіцца, на тое каб яе знайсці. Таму канешне стварэнне такога парталу – праблема для дзяржавы», – кажа Вольга Беляўцова з праекту «Ваколіца».

«Абʼектыву» і сапраўды не ўдалося знайсці рубрыку «грамадскае абмеркаванне» на старонцы Менрайвыканкаму. Падобная сітуацыя з інфармаваннем – у ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. Хоць цікаваць у насельніцтва ёсць.

Жыхары Пінску:

«Гледзячы што народ, не адная ж я, калі выйдзе народ, гледзячы як людзі, як усе».

«Мне б не спадабалася, калі б у маім двары хацелі абмежаваць месца на паркаванне аўтамабілю ці дзіцячую пляцоўку. Я б туды пайшоў і гэта сказаў».

«Пайшоў бы калі б знайшоў час, але калі вырашаць, то няхай улады вырашаюць».

Пакуль гэтак і адбываецца. Нярэдка нават пасля правядзення абмеркаванняў рашэнне прымаюць – не на карысць людзей.

Юлія Цяльпук belsat.eu