Беларусь у Сусветнай гандлёвай арганізацыі: эканамічная пастка ці шлях развіцця?


Далучыцца да Сусветнай гандлёвай арганізацыі (WTO) ужо налета плануюць улады Беларусі. Як паведаміў напярэдадні віцэ-прэм’ер Беларусі Аляксандр Турчын, які нядаўна вярнуўся з адпаведных перамоваў у Жэневе, залагодзіць усе спрэчныя пытанні дзеля далучэння да арганізацыі Менск плануе ўжо сёлета.

Наколькі рэалістычныя прагнозы віцэ-прэмʼера, што перашкаджае далучэнню Беларусі цяпер, і як гэта ўсё паўплывае на звычайных беларусаў?

Пастка для развіццёвых краінаў, у якую іх заманьваюць эканамічна прасунутыя дзяржавы, каб абрабаваць. Так мяркуюць адны. Іншыя, наадварот, лічаць чалецтва ў гэтым клубе адзінай магчымасцю дасягнуць устойлівага развіцця. Гаворка пра Сусветную гандлёвую арганізацыю, чальцом якой, паводле ўрадоўцаў, Беларусь можа стаць ужо менш як праз год.

Беларускі шлях у Сусветную гандлёвую арганізацыю, знаную пад ангельскім скаротам WTO, – ці не самы працяглы ў гісторыі. Афіцыйны Менск падаў заяўку на далучэнне яшчэ ў 1993 годзе.

«Такі доўгі шлях Беларусі ў перамовах з СГА звязаны, хутчэй за ўсё, з вельмі высокім узроўнем пратэкцыянізму беларускай эканомікі, ад якой Беларусь не збіраецца адмаўляцца», – тлумачыць старэйшы аналітык «Альпары» Вадзім Іосуб.

СГА – гэта найвялікшае ў свеце шматбаковае гандлёвае пагадненне, якое абараняе падпісантаў ад пратэкцыянісцкіх захадаў з боку партнёраў. Іншымі словамі, правілы арганізацыі забараняюць, апрача выключных выпадкаў, уводзіць перашкоды для міжнароднага гандлю. Беларусь – адна з нешматлікіх краінаў у свеце, якая дагэтуль застаецца па-за гэтай сістэмай. У Еўропе гэта датычыць яшчэ толькі Сербіі і Босніі.

«Бо трэба прызнаць Беларусь рынкавай эканомікай, бо Беларусь павінна быць, як і ўсе, але мы не такія, як і ўсе, таму і не далучыліся», – канстатуе прафесар эканомікі Леанід Заіка.

Але гандлёвыя выгады – не самая галоўная выгада чалецтва ў СГА. Правілы гэтай арганізацыі рэгулююць не толькі вонкавыя бар’еры для перасоўвання тавараў, але і правілы ўнутранага рынку. Кожны сябра СГА бярэ на сябе абавязальніцтвы ў справе рынкавых рэформаў і забеспячэння вяршэнства закону для ўсіх эканамічных суб’ектаў на сваёй тэрыторыі. Гэта гарантуе дадатковую абарону, у тым ліку і айчынным прадпрымальнікам ды тым, хто на іх працуе.

«Гэта арганізацыя, якая задае стандарты міжнароднага гандлю, і краіны агулам выйграюць ад чалецтва ў ёй», – мяркуе Вадзім Іосуб.

Акурат ад практычнага правядзення рынкавых рэформаў і адмаўляўся на практыцы афіцыйны Менск апошнія 27 гадоў пры перамовах аб далучэнні. Цяпер, аднак, працэс актывізаваўся. На мінулым тыдні на перамовы ў Жэневу разам з віцэ-прэм’ерам Аляксандрам Турчыным прыехалі міністры эканомікі ды гандлю і пасадоўцы іншых эканамічных і дыпламатычных ведамстваў. Цяпер паводле графікі, абнародаванай на сайце СГА, перамоўны працэс пераваліў за палову шляху, але да завяршэння яшчэ далёка.

«Субсідаванне сельскай гаспадаркі, наяўнасць вялікіх выдаткаў бюджэту на падтрыманне ўласнай эканомікі – гэта самыя галоўныя прычыны», – пералічвае прафесар Заіка перашкоды, якія застаюцца ў перамоўным працэсе.

Як пісала раней выданне Naviny.by, у СГА Беларусь можа падштурхоўваць Расея – каб Менск атрымаў ад арганізацыі квоту на дазволеныя субсідыі сваёй сельскай гаспадарцы, а потым падзяліўся гэтай квотай з Масквой.

Агулам бальшыня апытаных намі адмыслоўцаў згаджаюцца, што пры існай эканамічнай сістэме далучэнне да СГА будзе для беларускай гаспадаркі шокам. Але ў выпадку паслядоўнай эканамічнай лібералізацыі наадварот: разняволіць дзелавую ініцыятыву і гэтак палепшыць эканамічны рост і дабрабыт краіны.

Станіслаў Івашкевіч, belsat.eu