Беларусь у плюсе ад нафтагазавай вайны з Расеяй


Апрача ўнутранага крызісу ды гандлёвых канфліктаў з Расеяй беларуская эканоміка зазнала летась яшчэ адзін удар – абвал сусветных рынкаў калію і нафтапрадуктаў. А гэта найбуйнейшыя артыкулы айчыннага экспарту. Ці шок ад стратаў на сыравінным рынку прывядзе да перагляду ўладамі эканамічнай мадэлі?

Адна з важных прычынаў леташняга падзення эканомікі – нафтагазавы канфлікт з Расеяй

У выніку недапаставак расейскай нафты Беларусь страціла летась 0.3 % ВУП, рапартаваў прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў па выніках трох кварталаў мінулага года. Але з падліку вынікае, што гэтыя цверджанні прынамсі перабольшаныя.

За 9 месяцаў мінулага года Беларусь недалічылася двух мільёнаў тонаў нафты і, адпаведна, на столькі ж зменшыла экспарт нафтапрадуктаў. Чыстая страта – для краіны ад гэтага – $ 180 млн. Але запазычанасць перад «Газпромам» за гэты ж час склала $ 300 млн. То бок, насамрэч, прыбыткі ад недаплаты за расейскі газ у гэтым перыядзе былі ў паўтара разу большыя, чым страты ад недапаставак нафты. Таму не дзіва, што рыторыка Аляксандра Лукашэнкі ў гэтым канфлікце гучыць пакуль даволі бадзёра.

Значна большы нафтавы шок нашая краіна зазнала з іншых прычынаў

Падзенне сусветных коштаў на вуглевадароды і нафтавы манеўр у Расеі скарацілі летась прыбытковасць нафтаперапрацоўкі для Беларусі амаль у паўтара разу. Сёлета Расея працягнула змены ў сваіх нафтавых падатках – у нявыгадны для Беларусі бок. Таму, нягледзячы на пэўнае здаражэнне нафты ў апошнія месяцы, маржа для беларускай нафтаперапрацоўкі сёлета – яшчэ горшая, чымся летась.

Удар па беларускім экспарце спрычыніў няспынны абвал коштаў на калійныя ўгнаенні

За мінулы год яны патаннелі на чвэрць. Што праўда, на гэтым фронце перспектывы больш аптымістычныя. З пачатку года цана застыла на ўзроўні $ 215 за тону і ніжэй ужо не падае. Што праўда, і росту істотнага не чакаецца, з прычыны рэкорднай колькасці новых радовішчаў, якія чакаюць павышэння коштаў, каб заваліць рынак новымі аб’ёмамі прадукцыі.

Сыравінавы бум, за кошт якога дабрабыт беларусаў рос большую частку 2000-ых, у агляднай будучыні не вернецца ані для нафты, ані для калію. Тым не менш, рэформы, разлічаныя на адаптацыю айчыннай эканомікі да новых рэаліяў, ва ўрадавым плане на пяцігодку не прадугледжаныя.

Станіслаў Івашкевіч, Менск, фота: Alexei Druzhinin / TASS / Forum