Беларусь трапіла ў топ-5 краінаў, якія найбольш шкодзяць эканоміцы Расеі


Міністэрства эканамічнага развіцця Расеі апублікавала дадзеныя, што Беларусь уваходзіць у топ-5 краін, які ўвялі больш за ўсё абмежаванняў у дачыненні Расеі. Чаму ўлады Беларусі так ставяцца да бліжэйшага хаўрусніка і ці чакаць змены ў гэтым стаўленні?

Вышэй за Беларусь у колькасці абмежаванняў для Расеі – толькі Еўразвяз, Украіна ды Індыя. Мы нават абышлі ЗША і Турцыю. У той жа момант фінансавыя страты Расеі ад нашых абмежаванняў не такія ўжо і вялікія – 42 мільёны долараў. Гэта дзясяты паказнік у рэйтынгу. Найбольш Расея ж пакутуе ад санкцыяў Еўразвязу і ЗША: агулам ад іх страты склалі больш за тры з паловаю мільярды долараў.

Тлумачыць Яраслаў Раманчук, прэзідэнт цэнтру Мізэса:

«Не менш наш урад бы налічыў у дачыненні беларускіх тавараў. Так што зноў быццам мы сябруем, быццам у нас такая свабода, а на самой справе гэта доказ таго, што Беларусь і Расея – гэта наменклатурна-манапалістычны кландайк, у якім грошы зарабляюць тыя, хто мае велізарны доступ да рэсурсаў».

Паводле адмыслоўцаў, Беларусь мае шэраг нетарыфных бар’ераў, уведзеных не супраць Расеі ці нейкай іншай дзяржавы канкрэтна, а ўвогуле для абароны айчынных дзяржаўных прадпрыемстваў. Напрыклад, беларуская дзяржаўная замова ці рынак сельскагаспадарчай тэхнікі практычна зачыненыя для вонкавых гульцоў. Алесь Лагвінец, заснавальнік «Дзеі»:

«Відавочна, што ў тым пакеце, які цяпер абмяркоўваецца, патрабаванні Расеі да доступу яе вытворцаў – поўнага, без абмежаванняў – на беларускі рынак – гэта ёсць істотным патрабаваннем з боку Расеі».

Але ж і Расея таксама не адстае ад Беларусі ў абмежавальных захадах. Напрыклад, мяса-малочныя войны, што ўзнікаюць час ад часу, патрабуюць увагі нават найвышэйшага кіраўніцтва краіны. Яно і не дзіва – больш за траціну беларускага экспарту прыходзіцца на Расею. Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік Беларусі:

«Вы памятаць павінныя, што мы ніколі не будзем пастаўляць расейцам ні дрэннай гарэлкі, ні дрэннай закускі».

Паводле адмыслоўцаў, яшчэ адным фактарам, які нервуе расейцаў, ёсць вялікая доля шэрага рынку ў пастаўках беларускіх тавараў у Расею, да таго ж усцяж актуальнае пытанне з санкцыйнымі прадуктамі. Зрэшты, расейскі бок таксама даволі прыбыткова карыстаецца такімі схемамі.

«Гэта справа прынцыповая і таксама геапалітычная. Расейцы хочуць максімальна зачапіцца ў Беларусі. Яны будуць выкарыстоўваць любыя магчымасці. І калі, прааналізаваўшы, яны бачаць, што Беларусь уваходзіць у пяцёрку краінаў, якія ўводзяць найбольш абмежаванняў, то відавочна, што яны будуць уздымаць гэтае пытанне», – гаворыць Алесь Лагвінец, заснавальнік «Дзеі».

І актуальным гэтае пытанне будзе не толькі з-за Расеі. Яраслаў Раманчук, прэзідэнт цэнтру Мізэса:

«Калі з 2020 года будуць перамовы наконт уступлення ў Сусветную гандлёвую арганізацыю, тады Беларусь павінная будзе змяніць рэжым гандлю, рэжым датацыяў сельскай гаспадаркі і іншых галінаў прамысловасці. Але зноў жа – Расея ўступіла ў гэтую арганізацыю, але гэта не перашкаджае ёй быць найбольш пратэкцыянісцкаю дзяржавай».

Гэтакі аднолькавы падыход Беларусі і Расеі да абароны айчынных рынкаў ад залішняга замежнага ўплыву – чарговы паказнік сапраўднага ходу інтэграцыйных працэсаў – такая сабе гібрыдная саюзная дзяржава.

Вось так і атрымліваецца. З аднаго боку, клятвы ў вернасці і заявы пра стратэгічнае партнёрства, з другога – цэлы букет абмежаванняў краін у дачыненні адна адной. Дык мо не там хаўруснікаў шукаем?

Зміцер Міцкевіч, belsat.eu