Беларусь трапіла ў еўрапейскія лідары паводле колькасці зняволеных


Апублікаваны рэйтынг краінаў паводле колькасці зняволеных. На якім месцы Беларусь?

Яўген Растаргуеў упершыню трапіў за краты ў 2011 годзе, у 19 гадоў. Паводле нашумелага 328 артыкулу яго пазбавілі волі на 2 гады. Сярод знаёмых хлопца шмат тых, хто атрымаў паводле гэтага ж артыкулу нашмат большыя тэрміны.

«У той час калі я сядзеў, было шмат асуджаных і тых, хто чакаў судоў. Турмы былі перапоўненыя, спалі ў тры ярусы, некаторыя наагул былі без спальных месцаў, спалі па чарзе. На 20 нараў у камеры 40 чалавек, роўна напалову, хтосьці спіць днём, хтосьці спіць ноччу», – расказвае Яўген.

На 1000 чалавек у Беларусі – 343 вязні, у той час, як у краінах Еўропы лічба не перавышае і двухсот. Афіцыйна ж колькасць асуджаных паводле артыкулу 328 зніжаецца. А вось колькасць непаўналетніх, якія атрымалі тэрміны за «наркатычныя» артыкулы, расце.

«Кожны суд, кожны супрацоўнік, пачынаючы ад следчага, канчаючы суддзямі. Яны ж атрымліваюць за тое, што чалавек сядае. Лічу, што гэта зроблена… для справаздачнасці, для галачкі, магчыма, для нейкіх прэміяў», – кажа Яўген Растаргуеў.

Былая зняволена Таццяна Сухавер, аналізуючы сваё мінулае, прыходзіць да іншых высноваў, чаму Беларусь лідаруе паводле колькасці зняволеных.

«Калі я адбывала пакаранне ў ВК-4 Гомля, не адна я, думаю, там працавала за бясплатна. Там працавалі многія дзяўчынкі, плацілі толькі тым, у якіх вялікія тэрміны. Тое, што ў мяне прысуд быў на год і шэсць месяцаў, натуральна, я там купляла сабе толькі за бацькоўскія грошы», – дзеліцца Таццяна.

Дзяўчына ўпершыню трапіла за краты ў 17 гадоў, яна асуджаная паводле артыкулу 205, за крадзеж. Хаця Таццяна і шыла ў турме міліцэйскую форму, уладкавацца на працу швачкі на волі не змагла, дзяржава не дапамагла ёй нічым.

«Калі б мне выслалі дакументы, што я там працавала, што ў мяне ёсць разрад швачкі, то я магла б даўно пайсці працаваць. З лістапада, як мяне вызвалілі, я магла б пайсці і працаваць швачкай. А так у мяне гэтых дакументаў няма, таму мне трэба ісці на швачку вучыцца», – скардзіцца Таццяна Сухавер.

Паводле праваабаронцы і дырэктара ўстановы «ТаймАкт» Васіля Завадскага, шмат зняволеных у Беларусі ў тым ліку ў выніку паўторнага асуджэння: пасля вызвалення людзям ніхто не дапамагае, і яны зноў парушаюць закон. Але ж гэта не адзіная прычына.

«У нас у дзяржаве крымінальная адказнасць за тыя злачынствы, якія не вымагаюць пазбаўлення волі. Гэта эканамічныя злачынствы і негвалтоўныя злачынствы. А калі казаць пра глыбінныя прычыны, то гэта ўспрыманне чалавека як матэрыялу. Не як галоўнай каштоўнасці, для якой усё павінна рабіцца, а як матэрыялу», – мяркуе Васіль Завадскі.

У статыстыку не ўваходзяць людзі, якія ўтрымліваюцца ў лячэбна-працоўных прафілакторыях. Але па факце, кажа эксперт, гэта такія ж зняволеныя. Пры дакладных падліках Беларусь магла б апярэдзіць Турцыю і Расею, у якіх афіцыйна вязняў больш.

«Якія рэформы трэба было б праводзіць? Гэта адсутнасць крымінальнага пакарання за негвалтоўныя і эканамічныя злачынствы і гэта зусім іншыя тэрміны зняволення, дэкрыміналізацыя некаторых артыкулаў, звязаных з тымі ж наркотыкамі», – кажа Васіль Завадскі.

Пры гэтым, паводле эксперта, сярод сядзельцаў пераважаюць людзі працоўнага ўзросту, да 50 гадоў. То бок як раз тыя, чыіх рук і галоваў гэтак не хапае на волі.

Алена Дубовік, «Белсат»