Беларусь святкуе рэвалюцыю, беларусы ўзгадваюць ахвяраў камунізму


Дзесяцігоддзі таму, сёмага лістапада было нагодай узгадаць «вечна жывыя» ідэі кастрычніцкай рэвалюцыі і часам усхвалення правадыроў савецкага рэжыму. Для некаторых нічога ў гэтым плане не змянілася і сёння. Аднак тое, як адзначэнне «свята кастрычніка» выглядае цяпер, кажа, што нават уладам гэта дата не надта патрэбна – мяркуюць палітыкі-сябры Правацэнтрысцкай кааліцыі.

ЮРАСЬ ГУБАРЭВІЧ СТАРШЫНЯ РУХУ «ЗА СВАБОДУ»:

«Мы распачалі кампанію збору подпісаў за змены ў святочным календары беларусаў, бо па сёння сёмага лістапада застаецца святочным днём, хаця ўлады даўно ўжо нічога не робяць, каб яго адзначаць на дзяржаўным узроўні і гэта справядліва. Мы лічым, што тая дата – хутчэй сумная, чымся святочная падзея для беларускай гісторыі і яна павінна быць адмененая, як святочны дзень».

Актывісты правацэнтрысцкай кааліцыі з шэрагаў партыі АГП, руху «За Свабоду» і «Беларускай хрысціянскай дэмакратыі» сёння запалілі знічы ля сталічнага будынку КДБ ды зачыталі зварот Васіля Быкава, прысвечаны рэпрэсаваным у савецкія часы. Учора пра больш, як паўмільёна рэпрэсаваных савецкім рэжымам беларусаў нагадалі шэсцем да Лошыцкага яру актывісты Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ. Сёння, пра месца забойства тысяч рэпрэсаваных нагадвае толькі сціплы крыж. У БНФ не бачаць у гэтым нічога дзіўнага

ЮРАСЬ БЕЛЕНЬКІ, СЯБРА КХП-БНФ:

«Калі б улада была іншая, то ў тры дні б гэтае пытанне было вырашанае – далі б людзям іншае месца пад гаражы, перанеслі б, зрабілі мадэрнізацыю, як да прыкладу гэта ў Бабʼім Яры выглядае. Калі гэтага не робяць, значыць яны лічаць, што гэта так… Значыць з такой скрыўленай мараллю нашая ўлада».

Кіраўнік Беларусі, хаця сам не прымае ўдзелу ў святкаванні рэвалюцыйных угодак, пра бальшавіцкі пераварот неаднаразова выказваўся катэгарычна прыхільна

АЛЯКСАНДР ЛУКАШЭНКА:

«Усе рэвалюцыянеры ідуць з добрымі ідэямі да народу, калі трэба штосьці перавярнуць, павярнуць і гэтак далей. І тады рэвалюцыянеры ішлі з добрымі ідэямі. Шмат якія з гэтых лозунгаў, ляжаць у падставаў сённяшняй палітыкі нашае дзяржавы».

Але на змену лозунгам прыйшлі справы – ліквідацыя парламентарызму і самакіравання, татальная цэнзура, калектывізацыя і чырвоны тэрор, што забраў жыцці мільёнаў ні ў чым не вінаватых людзей. У іншым месцы масавых расстрэлаў у Менску – у Курапатах сёння Віртуальны музей савецкіх рэпрэсіяў запрашаў на экскурсію па ўрочышчы. Прыйшло менш за 10 чалавек. Ці беларусы ў гэты дзень памятаюць пра савецкія злачынствы, або можа сапраўды святкуюць гадавіну рэвалюцыі – мы запыталі ў жыхароў Менску.

ЖЫХАРЫ МЕНСКУ:

– «Для мяне сёння – не свята, а дзень трагедыі, я не ўспрымаю гэта як свята, а чаму Беларусь з Кыргызстанам (святкуюць), думаю ўсім усё адно – радыя новаму выходнаму»,

– «Я ведаю, што адбылося ў гэты дзень і як такі – гэта для мяне не свята, а звычайны выходны»,

– «Та свята такое намінальнае – толькі радасць, што выходны»,

– «Гэта свята савецкага саюзу, я не лічу сябе выхадцам з таго часу, таму – проста выходны».

То бок нягледзячы на намаганні і камуністаў, і дэмакратычных актывістаў, для большасці беларусаў свята кастрычніка, разам з сотнямі тысяч рэпрэсаваных суайчыннікаў, знікла ў цемры гадоў. Але можа лепш так, чымся святкаваць угодкі паўстання аднаго з самых крывавых рэжымаў у нашай гісторыі

Усевалад Шлыкаў, «Белсат»