Аб'ектыў 16.11.2018 Беларусь стане марской дзяржаваю?


Некалі нашыя продкі жылі ў краіне ад мора да мора. Ад Балтыйскага – да Чорнага. Сучасная ж Беларусь выхадам да вялікае вады пахваліцца не можа. Але мора прынамсі можа стаць бліжэйшае. Каб атрымаць выхад да яго, улады хочуць выкарыстаць наш рачны патэнцыял. Бо рэк у нас больш за 20 тысячаў.

Цяпер улады разважаюць, ці не пабудаваць порт на Дняпры каля вёскі Ніжнія Жара на Гомельшчыне. Плануецца выкарыстоўваць там караблі для выхаду ў Чорнае мора, ідуць размовы аб прыцягненні да рэалізацыі праекту турэцкай кампаніі « Дэрын Шыпінґ энд Трэйдынґ» (Derin Shipping & Trading Co).

«Гэта адзін з тых праектаў, які ўкраінскі бок пасля доўгай паўзы прапанаваў беларускаму ў 2016 годзе. Пасля гэтага Менск правёў кансультацыі датычна будаўніцтва тэрміналу ў Гомельскай вобласці. Пасля правялі першыя перамовы з туркамі ўлетку мінулага года наконт тэарэтычнай магчымасці пастаўкі грузаў па Дняпры, і сёння вядуць перамовы з Турэцкаю Рэспублікаю, каб яны будавалі тэрмінал», – распавядае Ігар Тышкевіч, Украінскі інстытут будучыні.

Аднак не ўсё гэтак аптымістычна. Эколагі кажуць пра пагрозу ад карабельства для ўнікальнай палескай экасістэмы. З эканамічнага гледзішча сітуацыя ўскладняецца і тым, што вёска Ніжнія Жары не мае інфраструктуры для маштабных грузаперавозак.

«Каб інтэграваць гэты порт у сістэму Беларускай чыгункі, неабходна будаваць новую чыгуначную галіну працягласцю каля 100 кіламетраў, да Хойнікаў. Кошт падобнага праекту нават пры прыблізнай ацэнцы – гэта не менш за 100 мільёнаў долараў. Ніхто нават сур’ёзна пра гэта не гаварыў пакуль», – тлумачыць Алесь Герасіменка, намеснік галоўнага рэдактара газеты «Белорусы и рынок».

І гэта не адзіная патрэбная інвестыцыя. Паводле экспертаў, на цяперашні момант праект выглядае даволі рызыкоўна, бо пабудова порту каля Ніжніх Жароў запатрабуе вялікай працы, у першую чаргу, каб прывесці ў парадак рэчышча і стварыць глыбіню для руху караблёў тыпу «рака – мора». Гэтакага ж меркавання прытрымліваюцца і жыхары вёскі Ніжнія Жары:

«Нешта я сумняюся ў гэтым. Сумненні бяруць. Ужо яны гавораць 15 гадоў, а зрухаў няма».

«З аднаго боку, усё гэта рэальна. Але ж працы колькі! Гэта Дняпро ім паглыбляць колькі трэба».

«Калі будуць паглыбляць і Дняпро, і Прыпяць, то ў плане рыбацтва гэта будзе лепш».

«30 гадоў ніхто не глядзеў за Дняпром! Глыбінь няма, усё замуляла, пяском забіла!»

Плануецца, што асноўны грузаабарот порту мусяць забяспечыць Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод і Петрыкаўскі горнаўзбагачальны камбінат. Адмыслоўцы сцвярджаюць, што ўжо амаль тры гады Мазырскі НПЗ часткова адпраўляе сваю прадукцыю рачным транспартам да ўкраінскіх спажыўцоў.

«Калі гаварыць пра калійныя солі, то асноўныя спажыўцы – Індыя і Кітай. А цяпер проста паглядзіце на мапу і падумайце, адкуль прасцей і хутчэй: ці праз Суэцкі канал з Адэсы, ці з Балтыкі. Адпаведна, для Беларусі гэта выгадна, а Украіна прывязвае Беларусь да сябе, яна робіцца патрэбнаю для Беларусі краінаю», – каментуе Ігар Тышкевіч, Украінскі інстытут будучыні.

На меркаванне экспертаў, улады Беларусі могуць скарыстацца праектам і ў палітычным рэчышчы: стварыць пункт ціску на Літву, якая прымае вялікую плынь беларускіх грузаў, а таксама ўзмацніць стасункі з Украінаю ды Турцыяй. Аднак пакуль дывідэнды ад будаўніцтва порту на Дняпры ўсё ж толькі гіпатэтычныя.

Зміцер Міцкевіч, belsat.eu

Фота: Joko / Arco Images / FORUM

Глядзі таксама
Каментары