Беларусь стабільна співаецца з часу Гарбачова


У 2016-ым Беларусь спусцілася з першага на другое месца ў вытворчасці і спажыванні алкаголю. Таксама апошнія гады змяншаецца колькасць хворых з пастаўленым першы раз дыягназам «алкагалізм». Але новыя квоты на вытворчасць алкаголю могуць развярнуць гэтую станоўчую тэндэнцыю ў адваротны бок.

Згодна пастанове Савету Міністраў, у 2018 годзе квоты на выраб, да прыкладу, пладова-ягадных вінаў павялічылі на 44,5 % у параўнанні з папярэднім годам. Вырасце вытворчасць іншых алкагольных напояў.

«Узровень алкагалізацыі зараз такі ж як 30 год таму ў 1984 годзе да прыняцця Гарбачовым паўсухога закону. З майго пункту гледжання трэба падвышаць узрост продажу алкаголю. Мяркую, што тыя прапановы МУС падвысіць да 21 года, гэта правільна», – каментуе сітуацыю псіхіятр-нарколаг Уладзімір Іваноў.

Рэальная эканоміка супярэчыць прыгожым лічбам

Павышэнне ўзросту пакупнікоў, абмежаваны час продажу алкаголю ў крамах – захады, якія разглядаюцца ў пяцігадовай праграме Беларусі для пераадолення п’янства і алкагалізму, прынятай у 2016-ым. Праграма між іншым прадугледжвае і змяншэнне аб’ёмаў адгрузкі алкагольнай прадукцыі на ўнутраны рынак Беларусі. Новыя квоты ад Савету Міністраў, відавочна, не спрыяюць рэалізацыі праграмы.

«Вытворчасць і рэалізацыя алкаголю вельмі важныя для дзяржавы, для бюджэту, асабліва для мясцовых бюджэтаў, якія дэфіцытныя ў нашай краіне. Але дзяржава нясе страты. Найперш гэта сем’і якія распадаюцца, хворыя дзеці, аварыі на вытворчасці і на дарогах», – даводзіць эканамічная аглядальніца Таццяна Каліноўская.

Лічбы чыноўнікаў супраць упэўненасці Лукашэнкі

Пазалетась продаж алкаголю абмяжоўвалі з 10-ай вечара да 9-ай раніцы. Забарона праіснавала крыху больш за два месяцы і была адмененая на паседжанні ў кіраўніка дзяржавы. Яшчэ праз паўгода Лукашэнка заявіў, што сумняецца ў эфектыўнасці забароны на продаж алкаголю ўначы. Але ў гэтым не сумняюцца прадстаўнікі Міністэрства ўнутраных справаў, якія адзначалі станоўчы эфект гэтае забароны, і жыхары Менску.

За першае паўгоддзе 2017-га спажыванне гарэлкі ў Беларусі зменшылася ўсяго на 1,7 %. Паводле адмыслоўцаў, гэта вельмі мала, каб канстатаваць станоўчую тэндэнцыю. Таму імаверна, што сёлета Беларусь ізноў апынецца адною з самых пітушчых краінаў свет

Таццяна Белашова, «Белсат», фота: Viktor Drachev / TASS / Forum