Беларусь прадасць зброю Ірану?


Найбліжэйшы саюзнік уладаў Беларусі на Блізкім Усходзе. Аляксандр Лукашэнка прымаў сёння спікера парламенту Ірана Алі Лярыджані, які ў свой час адказваў за ядравую праграму. Кіраўнік Беларусі прапанаваў павысіць тавараабарот між краінамі да мільярда долараў. Коштам чаго?

Беларусь і Іран могуць дасягнуць тавараабарачэння на мільярд долараў. Пра гэта заявіў сёння Аляксандр Лукашэнка, прымаючы ў Менску высокапастаўленага прадстаўніка гэтай краіны. Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік Беларусі:

«У нас з вамі бліскучыя палітычныя дачыненні. Але, на жаль, эканоміка мае быць лепшай».

Пра патэнцыял на мільярд долараў з Іранам Аляксандр Лукашэнка гаворыць ужо больш за 10 гадоў. Сёння, аднак, узаемны гандаль – па-ранейшаму ў 10 з лішкам разоў меншы. Апрача гандлю бакі спрабавалі ажывіць эканамічную супрацу ўзаемнымі інвестыцыйнымі праектамі. У 2006 годзе Тэгеран адкрыў у Беларусі зборку сваіх легкавых аўтамабіляў «Саманд». Годам пазней Менск атрымаў права здабываць нафту на шэрагу іранскіх радовішчаў. У 2013-м годзе абодва праекты зачыніліся з-за супярэчнасцяў паміж партнёрамі. Расказвае эканаміст Леанід Злотнікаў:

«Паўтара-два гады таму тая ж фірма заявіла, што яна збіраецца сабраць новы ўжо аўтамабіль іранскі. Але з тых часоў нічога не чуваць».

Летась, аднак, бакі аднавілі спробы актывізаваць супрацу. Беларусь нібыта імпартавала больш за мільён тонаў іранскай нафты. Летась у Адэскім порце нашаму карэспандэнту пацвердзілі прыбыццё заморскіх вуглевадародаў, але ці дайшлі яны да Беларусі – невядома. Афіцыйная статыстыка, прынамсі, такога імпарту не адлюстроўвае. Эканаміст Леанід Злотнікаў:

«Расея нам прадае паводле коштаў, ніжэйшых за сусветныя адсоткаў на 20. Які сэнс купляць у Іране паводле сусветных цэнаў? Таму гэта не атрымліваецца».

Паводле справаздачаў амерыканскіх спецслужбаў, адлюстраваных у законе Кангрэсу ЗША аб беларускім гандлі зброяй ад 2009 года, Беларусь была буйным імпарцёрам зброі ў Іран, у прыватнасці – мінамётаў, супрацьтанкавых установак і ракетаў.

Станіслаў Івашкевіч, belsat.eu

Фотаздымак на застаўцы да відэа: сайт PRESIDENT.GOV.BY