Беларусь пераходзіць на папяровыя пакеты і аднаразовы посуд


Пакласці пакупкі ў пластыкавы пакет ці ў папяровы? Цяпер у нас будзе выбар без выключэння ў кожнай гандлёвай кропцы. Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю абавязала ўсе крамы, павільёны ды нават заправачныя станцыі мець экалагічную ўпакоўку ў асартыменце.

Зрабіў пакупкі, разлічыўся, склаў у пакет… пластыкавы пакет. Быў бы побач папяровы, менчукі б выбралі:

«Безумоўна, папяровыя».

«Тут вельмі проста логіка: папяровае гніе, знішчаецца ў зямлі, зямля гэтае рэчыва ўспрымае, а пластык – не. Даўно трэба гэта зразумець».

«Пластыкавыя, бо гэта больш прывычна, а з папяровымі не сутыкаўся, калі шчыра».

Альтэрнатыва з’явіцца на ўсіх пляцоўках – ад шапіку да гандлёвага цэнтру. Датычаць змены таксама аднаразовага посуду, кантэйнераў пад ежу і прыбораў для яе. На нацыянальным прававым партале апублікавалі адпаведную Пастанову Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю. Гэткім чынам Беларусь упісваецца ў агульнасусветны трэнд на аздараўленне планеты, забруджанай пластыкавымі адкідамі.

Экалагічныя арганізацыі і абаронцы навакольнага асяроддзя даўно чакалі на гэтыя змены. Уладзімір Коўзелеў, эколаг, дырэктар ГА «Асдемо», каментуе:

«Пераход на папяровую ўпакоўку, аднаразовы посуд – гэта нармальна. Бо лясы можна ўзнавіць, а паперу можна збіраць, перапрацоўваць і такім чынам шматразова выкарыстоўваць».

Сёлета ўлады прынялі дырэктыву № 7 аб паступовым зніжэнні колькасці поліэтыленавай упакоўкі і замяшчэнні яе экалагічна нейтральнаю – у тым ліку з паперы ды шкла. Абодва варыянты будуць платнымі. Да прыкладу ў гастраноме плошчаю да 400 квадратных метраў пакупнікам маюць прапанаваць мінімум адзін від папяровага пакету і посуду. У крамах да 500 метраў – ужо па 2 віды, і па 3 віды, калі гэта крама з большаю плошчаю.

«Мы праводзілі акцыі ў крамах Гомля, – Універмагу ды «Еўраопце» – і людзі згодныя выбіраць больш экалагічна чыстую ўпакоўку. Але тым не менш нам патрэбна правесці вялікую інфармацыйную працу», – дадае Уладзімір Коўзелеў.

У нагу з Беларуссю ў гэтым пытанні ідуць суседнія Украіна і Расея. А ў Аб’яднанай Еўропе курс на адмову ад поліэтылену ўзялі ў 2015 годзе і да сённяшняга дня зменшылі выкарыстанне на дзве траціны.

«Ёсць надзвычай добрыя альтэрнатывы пластыкавым пакетам, якія выкарыстоўваюцца толькі адзін раз. Яны набываюць прызнанне, і я цвёрда перакананая, што праз нядоўгі час ніхто не будзе карыстацца пластыкавымі», – мяркуе Сфэнья Шульцэ, міністр навакольнага асяроддзя Нямеччыны.

Еўразвяз ужо ў 2021 годзе цалкам адмовіцца ад аднаразовага пластыкавага посуду, кантэйнераў, кубкаў, ды кактэйлевых саломінак. А Нямеччына рыхтуе законапраект, які прадугледжвае штрафы для прадпрымальнікаў – да € 100 тыс. за продаж пластыкавых пакетаў.

Улады Беларусі пакуль кажуць толькі пра фінансавае стымуляванне дзеля паскоранага пераходу на папяровую ўпакоўку.

Юлія Цяльпук belsat.eu