Аб'ектыў 14.06.2019 Беларусь пераходзіць да бязвыплатнага донарства


Сёння ў Беларусі кожны чацвёрты здае кроў бязвыплатна. А ўжо праз паўгода нашая краіна павінная цалкам перайсці да бязвыплатнага донарства. Чым гэта матывавана і як да гэтага ставяцца самі донары? Вольга Васільева запыталася на Магілёўскай станцыі пералівання крыві.

«Нічога не адчуваю амаль, толькі што жгут перацягвае», – каментуе бязвыплатны донар Валерыя Лужкова, яна прыйшла на здачу крыві ў Магілёўскую абласную станцыю пералівання ўжо трэці раз. Але цяпер гэта робіць бязвыплатна, каб падтрымаць Сусветны дзень донараў крыві 14 чэрвеня.

Бязвыплатны донар Валерыя Лужкова так тлумачыць свой учынак:

«Наагул бязвыплатнае – яно самае правільнае, насамрэч, бо некаторыя людзі жадаюць нажывацца на платным донарстве. Магчыма, гэта будзе і добра, што бязвыплатна».

Бязвыплатна здаў кроў і Яўген Купрэеў:

«Дапамагчы людзям, камусьці патрэбная дапамога, і, магчыма, мне калісьці яна спатрэбіцца».

«Гэта не шкодна для арганізму, і гэта вельмі вялікая дапамога. Не толькі для дарослых, але і для дзетак», – кажа ганаровы донар Святлана Букачова.

За мінулы год на Магілёўскай станцыі пералівання крыві бязвыплатна сталі донарамі 2165 чалавек, гэта толькі 26 % ад агульнай колькасці донараў. Большасць здае кроў на платнай аснове: ім належыць кампенсацыя заробка за дзень працы, дадатковы дзень адпачынку і выплата каля ста рублёў.

«Наша краіна ў 2020 годзе, з 1 студзеня 2020 года, гатовая перайсці на бязвыплатнае донарства, таму як раз зараз мы намагаемся больш актыўна данесці, што донары – гэта менавіта тыя, хто гатовы падарыць кроў, а не прадаць», – тлумачыць загадчыца аддзелу камплектавання донарскіх кадраў Анжаліка Чаканава.

Беларусь далучаецца да краінаў з бязвыплатным донарствам паводле рэкамендацыі Сусветнай арганізацыі здароўя. Донары крыві згубяць грашовую выплату і сплачаны дзень адпачынку.

Сняданак донарам выдае Ірына Лаўрыненка:

«Даем піць, пасля печыва, зефір і гематаген даем. Сняданак донара даецца да здачы крыві, каб донар мог паснедаць і пайсці здаваць».

Бязвыплатнае донарства распаўсюджанае ў заходніх краінах як ганаровы ўчынак, але ў беларускіх эканамічных умовах – гэта заўсёды быў і застаецца добры дадатак да невялікіх заробкаў. Ганаровы донар Наталля Шкадун адмоўна ставіцца да зменаў у заканадаўстве:

«Калі яны не будуць атрымліваць грошы за донарства, яны могуць сысці. Таму дзе будуць браць донараў? Гэта 75 адсоткаў, гэта вялізныя лічбы».

А кроў неабходная ў вялікіх памерах: для пералівання дзецям і дарослым з лейкозамі, з хранічнымі захворваннямі, падчас аперацыяў.

«Кожная ўстанова мае свой план па бязвыплатным донарстве. Людзі прыходзяць 1-2 разы на год, здаюць кроў, але гэта разнарадка-план. Бязвыплатнае донарства будзе тады ў нас, калі кожны будзе добраахвотна», – тлумачыць Наталля Шкадун.

Менавіта добраахвотная і бязвыплатная здача крыві, згодна Сусветнай арганізацыі здароўя, – самая бяспечная. Бо ў такім выпадку ў донара ёсць толькі адная матывацыя – дапамагчы, выратаваць жыццё.

Вольга Васільева, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары