Аб'ектыў 25.02.2019 Беларусь паставіць Сербіі чатыры знішчальнікі МіГ-29


Знішчальнікі папярэдне пройдуць мадэрнізацыю на 558-м авіярамонтным заводзе ў Баранавічах. Кантракт сёння падпісалі кіраўнікі міністэрстваў абароны Беларусі ды Сербіі. У перыпетыях вайскова-палітычных адносінаў славянскіх краінаў разбіраўся Зміцер Міцкевіч.

У Менск прыляцеў міністр абароны Сербіі. У той жа час Еўрапейскі Звяз працягнуў у дачыненні Беларусі эмбарга на пастаўкі зброі. На першы погляд дзве розныя падзеі, але яны могуць быць звязаныя між сабою.

Беларусь перадасць Сербіі МіГ-29 фактычна дарма: у межах вайскова-тэхнічнай дапамогі. Эксперты сцвярджаюць: такі крок з вялікаю доляю верагоднасці сведчыць, што Беларусь атрымае расейскія знішчальнікі Су-30СМ. Міністр жа абароны Сербіі Аляксандр Вулын заявіў, што іхнай краіне таксама ёсць што прапанаваць беларусам.

Аляксандр Алесін, незалежны вайсковы аглядальнік, кажа:

«Яны стваралі сістэмы СПА, рэактыўныя сістэмы залпавага агню. Яшчэ што ў іх каштоўнае ёсць – рэцэпты стварэння цвёрдага паліва, якія таксама нам спатрэбяцца для стварэння сістэм СПА, РСЗА. Сербія абяцала нам аплаціць і перадаць гэтыя тэхналогіі».

Практычна адначасова з аб’яўленнем пра беларуска-сербскі авіякантракт стала вядома аб працягу эмбарга Еўразвязу на пастаўкі зброі з Беларусі ды ў Беларусь. Кацярына Шмаціна, аналітык BISS, тлумачыць:

«Сербія – гэта адна з тых краінаў, на падтрымку якіх ці на паразуменне з якімі Беларусь можа разлічваць на заходнім кірунку. У выпадку ўступлення Сербіі ў Еўразвяз мы можам таксама разлічваць, што Сербія па пэўных пытаннях будзе займаць прабеларускую пазіцыю – тую, якая будзе выгадная афіцыйнаму Менску».

У той жа момант, паводле Рамана Галоўчанкі, старшыні Беларускага дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэту, летась экспарт вырабаў з прадпрыемстваў гэтай арганізацыі перавысіў адзін мільярд долараў. Калі дадаць да гэтага кампаніі, якія не ўваходзяць у Камітэт, атрымліваецца яшчэ больш. Агулам, згодна з афіцыйнаю статыстыкаю, з 2004 года продаж за мяжу беларускага ўзбраення вырас практычна ў сем разоў!

«Экспарт РСЗА «Паланэз» – як мінімум 160 мільёнаў долараў. І невядома: магчыма, гэтая замова будзе працягнутая, пастаўлены адзін дывізіён. Таму ж Азербайджану – сістэмы радыёлакацыйнай барацьбы і падаўлення беспілотнікаў «Гроза-С»… Радыёлакатары, радыёлакацыйныя тэхніка, мадэрнізацыя савецкіх сістэм СПА», – кажа Аляксандр Алесін, незалежны вайсковы аглядальнік.

Гэтак, у студзені Ангола падпісала кантракт з Беларуссю на набыццё сістэмаў супрацьпаветранай абароны на суму 200 мільёнаў долараў. Гэта можа быць як мадэрнізацыя ў Беларусі савецкіх сістэмаў «Аса» і С-125, якія мае ангольская армія, гэтак і пастаўка беларускіх зенітных ракетных комплексаў «Стылет».

«Зараз афіцыйны Менск выкарыстоўвае ўсе магчымасці, якія ў яго ёсць: добрыя альбо не вельмі. І спрабуе ўсталяваць кантакты не з самымі, умоўна кажучы, карыснымі партнёрамі», – гаворыць Кацярына Шмаціна, аналітык BISS.

І пакуль у гэтым выбары ўлады Беларусі карыстаюцца выключна прагматычным падыходам, не ўдаючыся ў палітычныя пытанні. Гэта робіць нашую краіну даволі прывабным партнёрам для вайсковай супрацы – не пад санкцыямі ЗША, але ў той жа момант са сталым выхадам да расейскага рынку ўзбраення.

Зміцер Міцкевіч, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары