Аб'ектыў 16.09.2018 Беларусь не трапіла ў Топ-50 цывілізаваных краінаў


Астравок стабільнасці ў цэнтры Еўропы з бесперапынным росквітам. Гэтак уяўляюць Беларусь сённяшнія ўлады і дзяржаўнае тэлебачанне. Аднак міжнародныя параўнаўчыя рэйтынгі ставяцца да палымяных ідэяў «дзяржавы для народу» больш халодна. Гэтак, і ў спісе самых цывілізаваных краінаў свету Беларусь аказалася горшая амаль за ўсіх сваіх суседзяў.

24 гады будавання пад кіраваннем аднаго чалавека не прайшлі дарэмна. Беларусь увайшла ў лік краінаў з самым высокім узроўнем чалавечага развіцця! Што праўда, занялі мы толькі 53-яе месца ды аказаліся горшыя амаль з усіх сваіх суседзяў, прапісаўшыся паміж Румыніяй і Багамскімі астравамі. Пра гэта сведчаць звесткі дакладу ААН.

Вось што пра гэта думаюць жыхары Менску:

«Адчуваю. Працую. Мне 70 гадоў, а яшчэ працую. І не ад таго, што бедная, а проста мне добра».

«Мы зусім не добра жывем. Таму хацелася б, як у Еўропе, ЗША. Раўняцца трэба на больш развітыя краіны».

«Ну, штосьці ёсць. Але хацелася б лепш. Больш цывілізавана, бліжэй да Еўропы».

«Усё добра, вельмі задаволеныя. Да пабачэння!»

У сваім дакладзе ААН вылучае тры галоўныя паказнікі развіцця краіны – гэта чаканая працягласць жыцця, сярэдняя даўжыня навучання ды валавы нацыянальны даход. Калі з даходам і так усё зразумела, то ў галіне адукацыі Беларусь выглядае няблага нават у параўнанні з лідарам рэйтынгу – Нарвегіі. Але колькасць – не заўжды якасць, адзначаюць адмыслоўцы.

«Ёсць істотная праблема, якую адзначаюць працадаўцы, з якасцю адукацыі. Прынцыповая розніца ў тым, што на Захадзе падыход да адукацыі такі, што вучняў, а потым студэнтаў вучаць выпрацоўваць уласны пункт гледжання (любы, які б ён ні быў), а потым аргументавана і цвёрда яго адстойваць. У нас жа прынцыпова супрацьлеглая пазіцыя», – кажа эканамічны аглядальнік «Белсату» Станіслаў Івашкевіч.

Паводле знаўцы, школы ды інстытуты ў Беларусі выкарыстоўваюцца як інструмент ідэалагічнага кантролю над людзьмі. То бок вучням адмыслова навязваецца неабходны дзяржаве пункт гледжання, якога лепш не аспрэчваць, каб не мець праблемаў. Гэта наўпрост уплывае на іншы паказнік ААН – валавы даход.

«У выніку, як адзначаюць працадаўцы, шмат якія беларускія працаўнікі маюць праблемы з тым, каб самастойна прымаць рашэнні на месцы і браць на сябе аргументаваную рызыку», – працягвае Станіслаў Івашкевіч.

А без гэтай рызыкі і здольнасці самастойна прымаць рашэнні не можа быць паспяховай эканамічнай дзейнасці. Бо, як паказалі гады, планавая эканоміка не працуе. Застаецца зайздросціць суседзям.

«У суседзяў з больш высокаразвітых краінаў больш жыцця – амаль на 10 гадоў – каб больш сябе можна было развіць. І больш грошай, каб былі магчымасці для гэтага самага развіцця», – заўважае Наталля Рабава са Школы маладых менеджараў.

Паводле Белстату, працягласць жыцця ў Беларусі няспынна павялічваецца. Гэта, між іншага, і было афіцыйнаю падставай для павышэння пенсійнага ўзросту два гады таму. Аднак і тут, цвердзяць адмыслоўцы, трэба глядзець перадусім на якасць ды параўноўваць.

«Калі ў заходнім свеце выхад чалавека на пенсію азначае пачатак перыяду задавальнення, вандровак, даганяння таго, што не паспеў у працоўны час, то шмат для якіх беларусаў выхад на пенсію азначае правал у нішчымніцу», – мяркуе Станіслаў Івашкевіч.

І пакуль у нашай краіне застаецца татальны дзяржаўны кантроль разам са сваймі неэфектыўнымі прадпрыемствамі ды манаполіяй у большасці сфераў, мы і надалей будзем выглядаць пакутнікамі ў рэйтынгах магчымасцяў, росквіту і дабрабыту. Затое працягнем быць лідарамі ў беспрацоўі, працоўнай міграцыі, самазабойствах, п’янстве ды запазычанасцях.

Сцяпан Святлоў, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары