Беларусь не можа вызначыцца з новым кірункам міжнародных дачыненняў


Ні дня без нарады ды публічнага разносу. Вось і сёння Аляксандр Лукашэнка не прамінуў паразважаць на камеру, як нам жыць далей. Нарада датычыла міжнароднай супрацы Беларусі з заходнімі і ўсходнімі інтэграцыйнымі структурамі. Калі коратка – цяжка з усімі суседзямі.

Дыпламатыя, як і грошы, любіць цішыню. Але не ў выпадку кіраўніка Беларусі. Андрэй Ягораў, Цэнтр еўрапейскай трансфармацыі, каментуе:

«Праблема ў тым, што Беларусь і не выбудоўвае лініі ўзаемаадносінаў ні на Усход, ні на Захад. Бо ёсць татальная нявызначанасць з боку Беларусі ў мадэлі свайго развіцця».

Найбольш крытыкі дасталася структурам на ўсходнім кірунку. Саюзная дзяржава не забяспечвае да раўнапраўя з расейцамі. Еўразійскі эканамічны саюз са шматлікімі бар’ерамі, на думку Лукашэнкі, у сваёй інтэграцыі павярнуўся назад. У Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы – справы ня лепшыя: больш за паўгода бакі не могуць дамовіцца пра новага генеральнага сакратара.

Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік Беларусі:

«Пастулат суверэнітэту» – таксама застаецца непахісным».

Куды больш лагодная рыторыка гучала сёння ў бок Захаду. (Гр.2) Еўразвяз гандлюецца аб дробязях і не адмяніў санкцыяў. Але растуць інвестыцыі ды гандаль, атрымліваем выгодныя крэдыты. НАТО абклаў з трох бакоў, але намеры, з імі звязаныя, у нас самыя партнёрскія. Праўда, калі раней кіраўніку краіны ў адносінах з Еўразвязам заміналі «падвойныя стандарты» еўрапейцаў і даносы апазіцыянераў, то цяпер наладжваць дыялог перашкаджае… усходні сусед.

«Я хачу, каб гэта пачулі нашыя прыхільнікі і апаненты ў Расейскай Федэрацыі», – кажа кіраўнік Беларусі.

На Расею на нарадзе абрынулася найбольш крыўдаў. Да стабільнасці ў дачыненнях з усімі суседзямі афіцыйнаму Менску ўсцяж далёка. Андрэй Ягораў, Цэнтр еўрапейскай трансфармацыі:

«Парадокс адносінаў з Захадам заключаецца ў тым, што Беларусь не імкнецца ў заходнюю дэмакратычную мадэль. А парадокс інтэграцыі з Усходам заключаецца ў тым, што Беларусь хоча жыць як незалежная краіна, уступаючы ў інтэграцыйныя аб’яднанні Расеі, якая не хоча бачыць сваіх суседзяў як незалежныя краіны».

І міністр замежных справаў Уладзімір Макей для балансу ў закідах папракнуў і заходняга суседа. Маўляў, гэтая краіна блакуе падпісанне падставовага дакументу ў адносінах з Еўразвязу – Дамовы аб супрацоўніцтве. Праўда, не ўдакладніў: гаворка пра Літву, якая стала выказвае прэтэнзіі датычна Астравецкай АЭС, ці пра Польшчу? Алесь Лагвінец, палітолаг:

«Гэта тыя дакументы, якія для Беларусі вельмі важныя і могуць спрасціць жыццё звычайным беларусам, і зрабіць так, каб Еўразвяз быў больш прысутны тут, у Беларусі».

Што, у сваю чаргу, не ў інтарэсах Расеі. За грошы якой, зрэшты, і будуецца АЭС.

Алесь Залеўскі, belsat.eu