Беларусь накрыла рэпрэсіямі: суды ідуць, затрыманні працягваюцца


Адміністратыўня арышты ды буйныя штрафы. Сённяшні дзень стаў сапраўдным судовым канвеерам у шэрагу гарадоў Беларусі. Як мінімум дзясятак удзельнікаў акцыяў пратэстаў трапілі на содні. Двое працаўнікоў незалежных медыяў атрымалі буйныя штрафы. У той жа час з розных рэгіёнаў даходзяць звесткі пра ўсё новыя затрыманні, позвы ў суд і пагрозы.

Дзякуючы працы журналістаў «Белсату» гэтыя кадры хутка абеглі краіну і выклікалі рэакцыю за яе межамі. Масавыя затрыманні ўдзельнікаў пратэстаў асвятляла ў тым ліку Кацярына Андрэева. Разам з аператарам яе затрымалі ўчора ў Воршы.

Журналістаў караюць рублём

Сёння Аршанскі раённы суд разглядаў справу супраць журналісткі. За нібыта непадпарадкаванне міліцыі ды парушэнне Закону аб СМІ Кацярыну пакаралі штрафам 30 базавых велічыняў.

«Сітуацыя жахлівая. Цягам учорашняга дня затрымалі больш журналістаў чымся за ўвесь мінулы год». – прызнаецца Алег Агееў, юрыст БАЖ.

575 рублёў фінансавага пакарання прысудзілі журналістцы радыё «Свабода» Галіне Абакунчык. Яе абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным шэсці. Журналістка не прызнала віны ды заявіла, што выконвала рэдакцыйнае заданне.

Актывістам сёння давалі суткі

У Воршы, Берасці і Бабруйску адміністратыўнымі арыштамі пакаралі як мінімум дзесяць актывістаў. Ад двух да пятнаццаці содняў правядуць за кратамі, між іншых, Павал Севярынец, Максім Лубінскі, Васіль Бераснеў, і Віктар Андрэеў.

Некаторыя ўдзельнікі пратэстаў нават не паспелі выйсці з-за кратаў

Суд Ленінскага раёну Берасця паўторна адправіў пад арышт грамадскіх актывістаў Андрэя Дзенюшкіна, Руслана Халікава і Дзмітрыя Леўчука. Паводле пратаколу, яны брыдкасловілі падчас вызвалення з папярэдняй 5-дзённай адседкі. Суд дакінуў яшчэ пяць содняў.

«На пытанні, каб паказаць нейкія матэрыялы відэаназірання, нейкія доказы – ніхто з прадстаўнікоў улад не змог. Суддзя маўчаў, міліцыянты таксама», – распавяла сяброўка спадара Дзенюшкіна.

Заўтра ў Берасці судзяць блогераў Сяргея Пятрухіна і Дзмітрыя Гарбунова

«Мяне адпусцілі да заўтрашняга суду, каб мы знайшлі адваката. Я думаю, што нас пасадзяць на 15 содняў, каб выбіць з гульні, каб нас не было ні 15-га, ні 25-га. Відавочна мы рабілі вельмі добрыя стрымы ды раззлавалі некага. Але гэта ўсё роўна надарэмна. Нашая возьме!», – з аптымізмам заявіў Сяргей Пятрухін.

Таксама ўвечары 13-га сакавіка затрымалі і вядомага блогера Максіма Філіповіча.

Інвалідаў караюць вялікімі штрафамі

Днямі кіраўніка Менскай абласной арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі пакаралі штрафам 50 базавых велічыняў за ўдзел у акцыі пратэсту ў Маладзечне. Сёння яшчэ столькі ж яму прысудзілі за Марш абураных беларусаў у Менску 17 лютага. Агулам – каля $ 1200.

«Гэтымі штрафамі ўлады банкроцяць людзей, пазбаўляюць сродкаў на існаванне. Робяць гэта нават у дачыненні інвалідаў, такіх як я. Ганьба!», – абураецца Алесь Абрамовіч.

З пятніцы да нядзелі Маршы абураных беларусаў прайшлі ў шэрагу гарадоў

Акцыі выклікалі новую хвалю ціску і пераследу. Толькі цягам апошніх дзён міліцыя затрымала як мінімум паўсотні ўдзельнікаў пратэстаў. З пачатку сакавіка праз пастарункі прайшлі больш за 70 асобаў. Міліцыя ўручае ўсё новыя позвы. Суды працягнуцца бліжэйшымі днямі.

Ян Бабіцкі, «Белсат», фота: Алена Сцяпанава