«Беларусь можа стаць разменнай манетай». У Літве абмяркоўваюць вучэнні «Захад-2017»


Як мы будзем жыць побач з Расеяй – гэтае пытанне задаюць сабе не толькі беларусы, але і літоўцы. У Коўне прайшоў фестываль ідэяў «Пікнік свабоды», што сабраў за круглым сталом літоўскіх міністраў, спікераў Сейму, экспертаў і звычайных грамадзянаў. Апроч унутрыпалітычных пытанняў абмяркоўвалі і дачыненні з суседзямі, у тым ліку і расейска-беларускія вучэнні «Захад-2017».

«Калі мы кажам, што пасля вучэнняў апошніх было дзве вайны, што пачала Расея, анексія Крыму, то мы будзем пільна назіраць за дзеяннямі побач з нашымі межамі», – адзначыў кіраўнік МЗС Літвы Лінас Лінкявічус.

Сёлета вучэнні «Захад-2017» распачнуцца 14-га верасня, удзел у іх возьмуць каля 13-ці тысяч вайскоўцаў. Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з Саветам бяспекі ў ліпені падкрэсліў, што вучэнні будуць максімальна празрыстыя, і запрасіў назіральнікаў з Еўразвязу, у тым ліку з НАТО. Але, на думку палітолагаў, няма ніякіх гарантыяў, што расейскія войскі пасля вучэнняў выйдуць з Беларусі.

«Беларусь можа стаць разменнай манетай, фактарам, які можа быць скарыстаны Пуціным для напампоўвання і працы на постімперскім сіндроме, які пануе ў расейскім грамадстве», – кажа сузаснавальнік «Форуму свабоднай Расеі» у Вільні Іван Цютрын.

Яшчэ адной нагодай для хвалявання літоўцаў застаецца Астравецкая АЭС – на думку экспертаў, эканамічнай выгады ад яе не будзе ні Беларусі, ні суседзям. А вось удзел «Расатаму» ў будаўніцтве дае дадатковыя нагоды для хвалявання.

«Гісторыя паказала: чым даўжэй краіна застаецца ў энергетычнай арбіце Крамля, тым цяжэй ёй становіцца ва ўнутранай палітыцы, гэта паказала сітуацыя з Украінай, якая бясконца шантажавалася, і Малдова, і краіны транзіту», – адзначае палітолаг Аляксандр Марозаў.

Аднак з прагнозамі палітыкі не спяшаюцца: у наступным сакавіку ў Расеі пройдуць прэзідэнцкія выбары, таму цяпер цяжка прадказаць, у які бок развернецца флюгер дачыненняў Беларусі з усходняй суседкай.

«Наш інтарэс – каб Беларусь заставалася максімальна незалежнай, але ўсё ж дынаміка, што ў нас ёсць, асабліва ў вайсковай, вобласці нас непакоіць», – кажа міністр абароны Літвы Раймундас Каробліс.

«Пікнік свабоды» праходзіць другі год запар – яго стварылі, каб кожны грамадзянін мог наўпрост звярнуцца да палітычнай эліты краіны і абмеркаваць ідэі для будучыні Літвы.Сёлета на імпрэзе прысутнічала і прэзідэнт Даля Грыбаўскайце.

 

Настасся Храловіч, belsat.eu