Беларусь магла б не поўзаць на каленях перад Расеяй, але Крэмль ставіць варунак


Беларусы карыстаюцца газам і спраўна плацяць за яго. Кіраўніцтва ж нашае краіны залезла ў мільённыя даўгі за блакітнае паліва. Як паведаміла агенцыя «Інтэрфакс-Захад», са спасылкаю на інфармаваную крыніцу, запазычанасць Менску перад «Газпром трансгаз Беларусь» перавысіла $ 270 млн.

Беларускі бок закупае расейскі газ, але выглядае на тое, што не плоціць поўнае цаны, сцвярджаючы, што расейская сыравіна – дрэннае якасці. Эксперты перакананыя, што прэтэнзіі Менску – гэта чарговая спроба выбіць зніжку на газ.

«Кошт прыроднага газу на еўрапейскім рынку знізіўся да 40 %. У траўні ён, здаецца, каштаваў $ 80 за тысячу кубаметраў. Беларусь атрымлівае сёлета па $ 127 за тысячу кубаметраў», – кажа Таццяна Манёнак, аглядальніца інтэрнэт-газеты «Белрынак».

Інакш кажучы, Беларусь, знаходзячыся ў Саюзнай дзяржаве з Расеяй, набывае расейскі газ без мыта, але даражэй, чым еўрапейцы з мытай 30 %. Праблема ў дамове, якую нашая краіна падпісала з расейскім манапалістам. Кошт блакітнага паліва не залежыць ад рынкавае канʼюнктуры і доўгі час гэта было на руку Менску. Цяпер жа «Газпрам» не толькі не зніжае кошту, але і ставіць умову: пакуль Беларусь не разлічыцца з гэтымі запазычанасцямі, перамовы аб пастаўках на наступны год не распачнуцца. А тым часам афіцыйны Менск імкнецца змяніць дамову і дамагчыся зніжэння коштаў на газ у межах Еўразійскага эканамічнага саюзу, у якім цяпер для расейскага спажыўца тарыфы на транспартаванне газу ўтрая таннейшыя, чым для Беларусі.

«Калі б Расея пайшла на саступкі, то Беларусі не трэба было б поўзаць на каленях і гандлявацца за больш танны расейскі газ. Газ бы патаннеў для Беларусі прыкладна ў тры разы», – кажа Таццяна Манёнак, аглядальніца інтэрнэт-газеты «Белрынак».

Але развязанне гэтага пытання расейскі бок ставіць у залежнасць ад развязання іншага пытання – інтэграцыі.

Вольга Старасціна, «Белсат»