Беларусь і Польшча абмяркоўваюць пытанні ваеннай супрацы


За грознай рыторыкай – спробы перамоваў. Беларускія і польскія вайскоўцы абмяркоўваюць пытанні двухбаковай ваеннай супрацы. Ці дапамогуць перамовы Менску і Варшавы злагодзіць напружанне паміж Масквой і Вашынгтонам – даведваўся Аляксандр Папко.

Падступным Захадам і пагрозаю з Польшчы Лукашэнка палохаў айчынных і расейскіх журналістаў у мінулую пятніцу. А ўсяго праз чатыры дні беларускія вайскоўцы наведалі Варшаву з цалкам прыязнаю місіяй.

Міністэрства абароны Беларусі:

«У Варшаве адбываюцца кансультацыі Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь і Міністэрства нацыянальнай абароны Рэспублікі Польшча аб планаванні двухбаковай вайсковай супрацы. Парадак дня кансультацыяў таксама ўключае абмеркаванне актуальных пытанняў міжнароднай і рэгіянальнай бяспекі».

Што праўда, беларускае вайсковае ведамства дэталяў візіту ў Польшчу раскрываць не хоча.

«Ніякіх каментароў. […] Уся неабходная інфармацыя аб вайсковай супрацы размяшчаецца і будзе размешчаная на сайце вайсковага ведамства. Усё, калі ласка! Да пабачэння!» – адказвае прэс-сакратар Мінаабароны Беларусі Уладзімір Макараў.

Сённяшняя сустрэча – ужо другая цягам апошніх месяцаў. Напрыканцы жніўня польскія вайскоўцы прыязджалі ў Берасце. Дэлегацыю ўзначальваў кіраўнік дэпартаменту замежных справаў Міністэрства абароны Польшчы палкоўнік Томаш Кавалік. Сёння групу беларускіх афіцэраў узначальвае кіраўнік дэпартаменту міжнароднай вайсковай супрацы Алег Воінаў. Міністэрства нацыянальнай абароны Польшчы каментуе вельмі сціпла:

«Галоўная мэта візіту беларускай дэлегацыі ў Польшчу – абмеркаванне двухбаковых дачыненняў, у тым ліку рэалізацыя дамовы аб развіцці захадаў даверу ў рэгіёне».

Гэтыя стрыманыя паведамленні тлумачаць эксперты. Павэл Фляйшэр, фонд IFIS (Інстытут прагназавання і міжнародных даследаванняў):

«Гэта важны этап у дачыненнях Польшчы ды Беларусі. Яго мэта – дээскалацыя ды тлумачэнне суседу крокаў, якія ў вайсковым плане робяць Менск і Варшава».

Польшча вядзе перамовы пра стварэнне амерыканскай вайсковай базы. Расея размяшчае ракеты ў Калінінградзе, а Злучаныя Штаты заявілі пра выхад з Дамовы аб ракетах сярэдняй і малой дальнасці. Кантакты беларускіх і польскіх вайскоўцаў могуць дапамагчы зменшыць напружанасць паміж Масквою ды Вашынгтонам.

«Гэта не сустрэча ў вярхах, а пакуль толькі працоўная сустрэча. Пра такія візіты звычайна шырока не паведамляюць. У дыпламатыі ўвогуле прынята пра некаторыя рэчы казаць вельмі стрымана», – тлумачыць Павэл Фляйшэр, фонд IFIS.

Але ў здольнасць Менску быць парламенцёрам паміж Расеяй і НАТО вераць не ўсе. Аляксандр Алесін, незалежны вайсковы аглядальнік:

«Лукашэнка хоча крыху падражніць Расею, змусіць да эканамічных саступак, каб тыя праблемы, што ўзніклі – нядопуск беларускіх тавараў на расейскія рынкі, кошты на энерганосьбіты, каб Расея была больш лаяльная пры развязанні гэтых пытанняў у дачыненні Беларусі. Вось і ўсё».

Як бы там ні было, у сённяшняй гонцы ўзбраенняў Менск бачыць не толькі пагрозу, але і шанец павысіць сваю значнасць – як у эканоміцы рэгіёну, гэтак і ў палітыцы.

«Сёння ў Захаду і Усходу няма іншых такіх артэрыяў зносінаў паміж сабою ад вялікага Кітаю да Нямеччыны, Вялікай Брытаніі ды Францыі як Беларусь. І тут хто толькі не едзе, не поўзае і не бегае! Ну дык надайце ім паслугу!» – прамовіў Аляксандр Лукашэнка.

Аляксандр Папко, belsat.eu