Аб'ектыў 12.12.2017 Беларусь год адказвала за збліжэнне Еўропы. Гэта як?


На сустрэчу прэм’ераў краінаў Цэнтральна-Еўрапейскай Ініцыятывы, якая распачалася раніцай у Нацыянальнай бібліятэцы прыехалі далёка не ўсе кіраўнікі ўрадаў 18-ці краінаў чальцоў арганізацыі. Але беларускія ўлады ўсё роўна выразна робяць стаўку на ўдзел нашай краіны ў гэтым абʼяднанні.

2017-ты прайшоў пад старшынствам нашай краіны

Прэмʼер міністр краіны Андрэй Кабякоў на сённяшнім саміце кіраўнікоў урадаў адзначыў, што падзея сталася для Беларусі выклікам і выключна карысным досведам.

Разабрацца, што такое Цэнтральна-Еўрапейская Ініцыятыва, беларусу не так і проста. «Уплывовая» арганізацыя не мае нават беларускай ці расейскай старонкі ў інтэрнэт-энцыклапедыі «Вікіпедыя». У склад абʼяднання ўваходзяць 18 краінаў: усе балканскія, апроч Грэцыі і Косава, Італія, Аўстрыя, Чэхія, Славаччына, Малдова, Беларусь, Украіна і Польшча. Дарэчы, апошнія дзве краіны, хоць і нашыя суседкі, але былі рэпрэзентаваныя на сустрэчы ў Менску ўсяго на ўзроўні амбасадараў.

Трошку гісторыі

Стваралася ініцыятыва ў 1989 годзе дзеля набліжэння краінаў-чальцоў да заходнеўрапейскіх стандартаў і ўваходу ў склад Еўразвязу. З таго часу абсалютная большасць сябраў ЦЕІ сталіся чальцамі ЕЗ. Для супрацы ж з Еўропаю астатніх зʼявіліся больш аўтарытэтныя пляцоўкі, як тое ж «Усходняе партнёрства». А таму ўзнікае пытанне, ці Цэнтральна-Еўрапейская Ініцыятыва не вычарпала сябе?

«Для Беларусі нават удзел у гэтай арганізацыі добры, бо лепш сядзець за адным сталом з украінцамі, ды іншымі еўрапейскімі краінамі, чым выразна быць сатэлітам Масквы», – упэўнены апазіцыйны палітык Віталь Рымашэўскі.

Палітычныя аспекты для афіцыйнага Менску – справа другасная

Як і ў межах іншых міжнародных фарматаў, перш за ўсё, улады клапоцяцца пра канкрэтную эканамічную карысць. Вядома, цяжка сабе ўявіць, што балканскія краіны маюць шмат агульнага з нашым рэгіёнам. Але Менск і тут гатовы запрапанаваць пару-тройку інфраструктурных ды бізнес-праектаў.

«Канешне, нам не трэба перабольшваць значэнне ЦЕІ, гэта проста адная з рэгіянальных арганізацыяў для супрацы, і пытанне нават не ў тым, наколькі нам прэстыжна там быць ці нават старшынстваваць, а пытанне ў тым, як мы можам для нас выкарыстоўваць магчымасці якія ёсць у ЦЕІ», – зазначыў палітолаг Яўген Прэйгерман.

Сёння Беларусь перадала старшынства Харватыі

Разам з новым старшынёй, напэўна, перамесціцца і акцэнт унутры самога абʼяднання. А таму цікава, калі беларусы наступны раз пачуюць нешта пра Цэнтральна-Еўрапейскую Ініцыятыву.

Ігар Кулей, «Белсат», фота: un.mfa.gov.by

Глядзі таксама
Каментары