Беларусь гатовая наладзіць альтэрнатыўны Расеі імпарт нафты – праз краіны Балтыі або Украіну


Беларускія нафтапрадукты вельмі папулярныя на польскім рынку. Напрыклад, 13 адсоткаў дызпаліва тут мае беларускае паходжанне. Аднак у выніку аварыі на нафтаправодзе «Дружба» паток нафтапрадуктаў у Польшчу спыніўся.

Акрамя Польшчы, «Белнафтахім» спыніў пастаўкі бензіну і дызельнага паліва ва Украіну ды краіны Балтыі. Сяргей Грыб з Беларускай нафтавай кампаніі распавядае:

«Калі змяншаецца аб’ём перапрацоўкі, адпаведным чынам змяншаецца абʼём экспарту. Як раней заяўляў канцэрн «Белнафтахім» і віцэ-прэмʼер, скарачэнне абʼёму экспарту адбываецца, каб забяспечыць унутраны рынак Рэспублікі Беларусь».

Нафтаперапрацоўчыя заводы скарацілі вытворчасць удвая, бо не могуць карыстацца нафтаправодам «Дружба». У яго ў вялікіх колькасцях трапіў арганахларыд. Гэты рэагент забрудзіў участак трубы даўжынёю 1400 кіламетраў. Войцех Якубік, BIZNESALERT.PL:

«Гэтае рэчыва выкарыстоўваецца, каб зменшыць колькасць сярністых злучэнняў у нафце. Аднак калі яго занадта многа, яно можа выклікаць карозію механізмаў і вывесці інфраструктуру са строю. У пэўны момант аказалася, што расейская нафта ўтрымлівае арганахларыду ў 10 разоў больш, чымся павінна».

Пакуль забруджаную нафту прапампуюць і з «Дружбы» зноў можна будзе карыстацца, пройдзе каля 10 дзён, заявіла Беларуская нафтавая кампанія. Эксперт у нафтагазавым рынку Міхаіл Круціхін тлумачыць:

«У «Транснефти» заяўляюць, што яны гатовыя ліквідаваць наступствы на працягу 8-10 дзён, і ўсё будзе нармальна. Аднак да гэтага моманту ўсё выглядае як канфлікт паміж двума гаспадарчымі субʼектамі. З аднаго боку – атрымальнік нафты. З іншага – той, хто нафту высылае. Яны павінныя прыйсці да згоды, і «Транснефть», хутчэй за ўсё, павінная будзе кампенсаваць страты».

Страты могуць вымярацца сотнямі мільёнаў долараў. Украінскі і польскі рынкі для беларускіх НПЗ – адныя з самых прыбытковых.

Прыпынак у працы нафтаправоду можа быць як выпадковасцю, так і зламысным дзеяннем, мяркуе кіеўскі палітолаг Ігар Тышкевіч:

«Адначасова з падачай няякаснай нафты ў Беларусь Расея фактычна паставіла ўльтыматум Украіне, забараніўшы пастаўкі з 1 чэрвеня нафты і нафтапрадуктаў у гэтую краіну. Гэта, можна сказаць, выклік новаму прэзідэнту Зяленскаму. Чаму гэта сурʼёзна? Калі браць паліўны рынак Украіны, то пастаўкі дызельнага паліва на 40 % ідуць з Расеі, а на 37 % – гэта пастаўкі з Беларусі».

Тым часам Беларуская нафтавая кампанія ўжо заявіла, што гатовая да канца года наладзіць альтэрнатыўны Расеі імпарт нафты – праз парты краінаў Балтыі або Украіны.

Аляксандр Папко, belsat.eu

Фота: ITAR-TASS / Viktor Tolochko / Forum