Беларусь даганяе Захад у цэнах на бензін

Кожны тыдзень – на капейку даражэйшы. «Белнафтахім» падняў кошты на бензін ў восьмы раз за сёлета. Аляксандр Папко распавядае, што прывяло да падаражэння і як да яго прыстасавацца.

Літр бензіну АІ-92 ад сёння каштуе Br 1,72. АІ-95 і дызельнае паліва – Br 1,82. Прычынаю павышэння канцэрн «Белнафтахім» называе зніжэнне курсу рубля. Ёсць і іншая прычына – нафты з Расеі прыходзіць у чатыры разы менш і каштуе яна на чвэрць даражэй.

«Прыбыткі нафтаперапрацоўчых заводаў падаюць. Магчыма, рэнтабельнасць нават адмоўная (дакладна мы не ведаем, бо пакуль няма фінансавых дакументаў). Таму яны хочуць падняць кошты на паліва, але іх стрымліваюць адміністрацыйна», – каментуе эканамічны аглядальнік «Белсату» Станіслаў Івашкевіч.

Стратэгію павышаць цану паліва на адну капейку ўлады прынялі два гады таму. У 2018 годзе цэны павышалі 28 разоў. Летась – 27. Ці пачалі аўтамабілісты ашчаджаць? Вось што кажуць жыхары Менску:

«Паставіў газавае абсталяванне. Цяпер я перастаў замарочвацца за адну капейку».

«Маючы машыну, хаджу пешкам».

«Лепш карыстацца грамадскім транспартам».

«Я прадаў сваё аўта, бо пераязджаю ў Іспанію».

Прычынаю павышэння цэнаў паліва на запраўках канцэрн «Белнафтахім» называе зніжэнне курсу беларускага рубля. Фота – Васіль Фядосенка / Reuters / Forum

З пачатку году паліва ўжо падаражэла на 4 %, пры гэтым Нацбанк прагназуе, што да канца года інфляцыя не перавысіць 5 %.

«Кошты на паліва даволі істотна ўплываюць на амаль усе тавары і паслугі, якімі мы карыстаемся ў штодзённым ужытку. Паліва патрэбнае для таго, каб іх вырабіць, паліва патрэбнае ля таго, каб іх прывезці ў краму», – тлумачыць Станіслаў Івашкевіч.

Пакуль цэны на бензін у нашай краіне значна бліжэйшыя да расейскіх, чымся да ўкраінскіх або заходніх. У Польшчы літр паліва каштуе ў 1,5 раза даражэй. Паводле прагнозаў Станіслава Івашкевіча, у цэнах бензіну мы працягнем даганяць Захад – без рэзкіх скачкоў, але няспынна.

Аляксандр Папко, «Белсат»

Глядзі таксама