«Беларусь чакае такіх, як ён». Сябры пра Уладзіслава Ахроменку (1965–2018)


На 54-м годзе жыцця памёр беларускі пісьменнік, драматург і кінасцэнарыст Уладзіслаў Ахроменка. Прычынаю смерці стаў цяжкі інфаркт, які ён перанёс у канцы кастрычніка. Больш за тыдзень дактары змагаліся за ягонае здароўе, але выратаваць не змаглі.

Уладзіслаў Ахроменка пісаў вострасюжэтныя творы ў папулярных жанрах: дэтэктыў, трылер. У сярэдзіне 1990-х супрацоўнічаў з кнігавыдавецтвамі ды кінакампаніямі як пісьменнік і сцэнарыст. Выдаў пад псеўданімамі каля двухсот камерцыйных раманаў і сцэнарыяў.

«У літаратуры ён быў вельмі працавіты. Ён быў распачынальнікам такога жанру, як кінараман. Шмат пісаў і іранічнай прозы. Вось мы разам пісалі «Янкі, альбо Астатні наезд на Літве», – кажа Максім Клімковіч, пісьменнік і сябар Ахроменкі.

Апошняя кніга, над якою працаваў Уладзіслаў Ахроменка, была ў жанры альтэрнатыўнай гісторыі. Яна таксама пісалася ў суаўтарстве з Максімам Клімковічам, які цяпер вымушаны скончыць справу самастойна.

Апроч пісьменніцтва Ахроменка займаўся журналістыкаю.

«Як журналіст апошнім часам ён працаваў з архівамі КДБ. Ён жыў ва Украіне, дзе адкрытыя ўсе гэтыя архівы. На радыё «Рацыя» ён рабіў перадачу «На ўліку КДБ», – дадае Максім Клімковіч.

Дзякуючы даследніцкай працы Уладзіслава Ахроменкі ў архівах КДБ у Кіеве і Чарнігаве, дзе жыў пісьменнік, сталі вядомыя шмат якія факты бальшавіцкіх рэпрэсіяў на тэрыторыі Беларусі.

«Беларусь чакае сваіх Ахроменкаў. Беларусь чакае людзей, якія б паказалі, што адбывалася менавіта тут, на беларускай зямлі. І Уладзіслаў падняў тыя справы, якія ладзіліся тут. Хоць і падняў іх там, у Чарнігаве. Думаю, гэтым ён шмат каго раззлаваў», – Вольга Цярэшчанка, музыка і сяброўка Ахроменкі.

У якасці эксперта-даследніка ў справах рэпрэсіяў Уладзіслаў Ахроменка браў удзел і ў праграмах «Белсату».

Міхась Ільін