Беларусь атрымае небывала танную нафту


Масква адкрывае трубу. Пасля трохмесячнага перапынку расейскія дзяржаўныя кампаніі пачнуць пастаўляць у Беларусь нафту. У дадатак – па небывала нізкай цане. Але ці ўдасца на ёй зарабіць – выгадна прадаць вырабленыя нафтапрадукты?

Усяго 4 долары за барэль: гэтак танна расейскую нафту нашая краіна не купляла 20 гадоў. Згодна з падпісаным учора кантрактам, беларускія НПЗ у красавіку набудуць два мільёны тонаў

«Расея і Саудаўская Аравія вядуць цэнавую вайну. І таму цана нафты «Urals» істотна знізілася нават у параўнанні з тым, колькі яна каштуе ў параўнанні з сусветным эталонам нафты маркі «Brent», – тлумачыць эканамічны аглядальнік «Белсату» Станіслаў Івашкевіч.

Пакуль сыравіна танная, трэба запоўніць ёю сховішчы – загадаў Аляксандр Лукашэнка. Саудаўская нафта выцясняе з рынкаў менш якасную – расейскую. У пачатку красавіка расейскі «Urals» на сусветных рынках прадавалі танней за мазут.

«Гэта падштурхнула расейскія кампаніі да падключэння пагаднення. Для іх таксама вельмі важны гарантаваны рынак збыту сваёй сыравіны», – распавядае эканамістка Таццяна Манёнак.

Новае пагадненне поўнасцю кампенсуе страты ад расейскага падатковага манеўру – заявіў амбасадар Беларусі Уладзімір Сямашка. Яшчэ адна перамога: расейскія пастаўнікі нафты больш як удвая знізілі гэтак званую прэмію. Калі раней беларускія НПЗ плацілі за дастаўку адной тоны расейскай нафты 12 долараў, то цяпер – усяго 5, і нават гэтую суму скампенсуе расейскі ўрад.

«Гэта эканомія на мільярды. Іншая справа ў тым, што Беларусь таксама гандлявала нафтай. Яна страціць вялікія грошы на тым, што недаатрымае на экспарце нафтапрадуктаў», – прагназуе Станіслаў Івашкевіч.

У студзені тона расейскай нафты разам з прэміяй каштавала 349 долараў, а цяпер – усяго 30. Калі такія кошты пратрымаюцца да канца года, то на закупе нашая краіна заашчадзіць больш за 6 мільярдаў долараў. Але куды мы прадамо выраблены бензін?

«Прыярытэтам быў найбольш прыбытковы рынак – украінскі. Аднак паводле экспертаў, ужо ў красавіку гэты рынак сціснецца на 40 %», – кажа Таццяна Манёнак.

Рэзкае падзенне коштаў на нафту скароціць даходы расейскіх кампаніяў, а ў выніку – попыт на беларускія тавары на расейскім рынку. Нямецкая аналітычная кампанія «Statista» ужо прадказала Расеі пяціадсоткавы спад ВУП.

На думку Таццяны Манёнак, пазітыўны эфект ад нафтавага катаклізму для шараговага беларуса будзе адзін: бензін перастане даражэць.

Аляксандр Папко, «Белсат»