Беларус Антон Кушнір узяў срэбра на этапе Кубку свету па фрыстайле


Фрыстайл

Не абышлося сёння і без медаля ў беларускай скарбонцы і на этапе Кубка свету па фрыстайле, што праходзіў у Злучаных Штатах Амерыкі, а дакладней, у Лэйк-Плэйсідзе. Гэта таксама быў апошні старт перад зімовай Алімпіядай, а на другую прыступку п’едэсталу ўзняўся Антон Кушнір.

Наш лыжны акрабат выканаў скачок з даволі высокім каэфіцыентам складанасці, за што атрымаў адзнаку ад суддзяў 126 цэлых і 50 сотых бала. Першынстваваў тут расяянін Максім Бураў, які апярэдзіў Кушніра на 3 пункты, бронза дасталася японцу Наоя ТабАра. Яшчэ адзін наш фрыстайліст Максім Гусцік размясціўся на шостым радку.

У прыгожай паловы сёння ўсіх за спінаю пакінула кітаянка Сюй Мэн Таў, якая апярэдзіла срэбную прызёрку аўстралійку Лідыю Ласіла ажно на 22 балы, замкнула тройку яшчэ адна прадстаўніца Зялёнага кантыненту Лора Піл. Наша Ганна Гуськова трошкі не дацягнула да п’едэсталу – у яе чацвёрты вынік, а Аляксандра Раманоўская сёмая.

Біятлон

Апошнюю гонку на этапе Кубка свету па біятлоне ў Антгольц-Антэрсэльве, перад Алімпіядай у Пхёнгчхангу, выгуляла Дар’я Домрачава. Беларуска да ўчорашняй бронзы ў пэрсьюце сёння дадала і золата ў масавым старце.

Пачатак гонкі для Дар’і атрымаўся не вельмі паспяховы з гледзішча стральбы, бо на першай лежцы наша суайчынніца ўжо зарабіла адно штрафное кола. Аднак далей Домрачава хібаў не дапускала, закрыла ўсе астатнія 15 талерак мішэні і заваявала доўгачаканае золата ў сёлетнім сезоне, а з ім і наўпроставы пропуск на гонку з масавым стартам на Алімпіядзе. За ёй фінішавала славачка Настасся Кузьміна, тройку замкнула фінка Кайса Мякярэйнэн. Іншая беларуска Ірына Крыўко таксама з адным промахам размясцілася на 12-ай пазіцыі. У мужчынаў масавы старт выгуляў лідар сезону Мартэн Фуркад, далей размясціліся два нарвежцы Тар’е Бё і Эрлен Б’ёнтегар. Адзіны наш суайчыннік у гонцы Уладзімір Чапелін намазаў 7 разоў і фінішаваў апошнім, трыццатым.

Тэніс

Рафаэль Надаль, які дакрочыў да чвэрцьфінальнай стадыі турніру серыі «Вялікага шлема» Адкрытага чэмпіянату Аўстраліі па тэнісе, па выніках гэтых спаборніцтваў у любым выпадку захавае за сабою статус першай ракеткі свету. Цяпер у іспанца 9760 балаў, і нават калі Роджэр Фэдэрэр і абароніць тытул на кортах Мельбурну, у ягоным актыве стане 9606 пунктаў.

Надаль у 1/8-ай фіналу сустракаўся з аргентынцам Д’ега Шварцманам, які ў рэйтынгу АТП займае 26-ты радок. У гэтым супрацьстаянні іспанец прагуляў толькі другі сэт, і той на тайбрэйку 6:7, а ў астатніх трох быў мацнейшы з аднолькавым лікам 6:3. За выхад у паўфінал мэйджара Рафаэль пазмагаецца з харватам Марынам Чылычам.

У жаночым адзіночным разрадзе трэцяе кола скарылася другой ракетцы свету Каралінэ Вазняцкі. Датчанка без праблемаў амаль за гадзіну, 6:3, 6:0, разабралася са славачкай Магдаленай Рыбарыкавай, якая ў спісе ВТА на 21-ай пазіцыі. Статыстыка Каралінэ: зрабіла 2 эйсы, тройчы памылілася пры падачы і рэалізавала 5 брэйк-пойнтаў. У 1/4-ай фіналу Вазнцякі згуляе з іспанкай Карлай Суарэс Навара.

Фотаздымак на застаўцы да відэа Звязда