Беларусь адсвяткавала Божае Нараджэнне


Жыхарка Магілёва Валянціна Крачкоўская сустракае Каляды ў коле сяброў – вернікаў.

Вечар у чаканні Божага Нараджэння пачынаецца ўрыўкам з Евангелля. Пасля прысутныя ломяць і ядуць аплаткі – асвячоны ў касцёле хлеб – ды абменьваюцца зычэннямі. Са з’яўленнем першай зоркі сядаюць за стол, на якім традыцыйна – 12 посных страваў, паводле ліку апосталаў.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

«Раство – гэта тое, з чаго пачынаецца ўвогуле хрысціянства. І гэта такі пункт адліку года. І цяпер для мяне першасным з’яўляецца не Новы год, а святкаванне менавіта Раства. Новы год – гэта свецкае свята. А сёння такі таямнічы, самы ўрачысты дзень», – кажа Валянціна Крачкоўская.

Святкуе Божае Нараджэнне згодна з усімі традыцыямі Валянціна ўжо больш за 20 гадоў: з моманту, калі ахрысцілася. Цікаўнасць да каталіцтва ў яе з’явілася перадусім дзякуючы мове службы – беларускай. Цяпер штогод у час адвэнту жанчына чытае духоўную літаратуру ды абмяжоўвае сябе ў ежы. Абавязкова наведвае ўрачыстую імшу.

«Нашае заданне – праслаўляць сваім жыццём Бога. І вось той цудоўны момант, калі мы можам прыняць яго ў сваё сэрца. Можам адчыніць сваё сэрца, каб гэтае маленькае дзіцятка, безабароннае, нарадзілася ў нашым сэрцы. Яно нясе сабою благаслаўленне, супакой, згоду, любоў», – кажа пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы Юрый Санько.

Галоўная святочная імша, на якую збіраюцца вернікі, завецца Пастэрка. Назва паходзіць ад лацінскага слова «пастар», што перакладаецца як пастух. Менавіта пастухі першымі даведаліся пра нараджэнне Хрыста ды прыйшлі да Марыі і Юзафа пакланіцца народжанаму Збаўцу.

Яслі з Хрыстом-немаўляткам, Марыяй і Юзафам можна знайсці ў кожным касцёле. Вернікі прыносяць сюды гэтак званыя дары. Гэта могуць быць цукеркі ды іншая слодыч.

Урачыстыя вечаровыя служэнні адбыліся ва ўсіх каталіцкіх касцёлах краіны. Каб кожны вернік мог наведаць святыню, ніводны касцёл не абмяжоўваўся толькі адною святочнай імшой. У берасцейскім касцёле Узвышэння Святога Крыжа людзі адзначаюць асаблівую важнасць свята для сябе:

«Бог нарадзіўся! На душы добра і светла, нягледзячы на гэткае надвор’е».

«Усё ад Бога, таму радуемся, што Ён у гэтую ноч нараджаецца».

«Самае лепшае, што ёсць у годзе! Гэта святло, гэта пачатак жыцця хрысціянскага».

Пасля малітвы вернікі маглі запаліць знічы ад святога агню, што прыбыў з Віфлеему, ды зноў сабрацца за святочным сталом. Між тым галоўная сутнасць свята – у духоўным яднанні. Таму наведаць святую імшу святары раяць таксама і сёння.

Юлія Лабанава belsat.eu

Фота: VASILY FEDOSENKO / Reuters / Forum