Аб'ектыў 14.11.2018 Беларусь адмовілася супрацоўнічаць з Камітэтам правоў чалавека ААН


Упершыню за 20 гадоў. Улады Беларусі прэзентавалі справаздачу аб выкананні Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. Беларускія праваабаронцы стварылі альтэрнатыўны даклад, які істотна адрозніваецца ад дзяржаўнага. Шмат з яго ўвайшло ў рэкамендацыі Камітэту правоў чалавека ААН для ўладаў Беларусі.

«З высокіх трыбунаў ААН афіцыйная дэлегацыя Беларусі заявіла пра тое, што рашэнняў Камітэту яны выконваць не будуць, бо не лічаць іх абавязковымі для выканання. Што яны носяць факультатыўны характар. І тыя ці іншыя захады абароны, якія Камітэт распачынае па індывідуальных зваротах, таксама выконваць не будуць. У прынцыпе, гэта было расцэненае экспертамі Камітэту як адмова ад супрацы», – каментуе Валянцін Стэфановіч, сябра Рады ПЦ «Вясна».

У той жа час, паводле ўладаў, яны «вывучаюць магчымасць стварэння незалежнай нацыянальнай праваабарончай установы шляхам вывучэння міжнароднага досведу ў гэтай галіне». Толькі што ў рэальнасці зрухаў ніякіх не відаць. Яшчэ адная важная праблема, на якую варта звяртаюць увагу праваабаронцам, сістэматычнае парушэнне правоў чалавека ў войску, асабліва актуальнае на фоне справы Коржыча.

«Трэба інфармаваць бацькоў вайскоўцаў ды іх саміх пра тое, што ўсё, што робіцца ў войску па-за статутам, такія праявы, як вымагальніцтва грошай, збіццё, здзекі, якія прыніжаюць годнасць чалавека, нішто іншае, як крымінальнае злачынства», – кажа Валянцін Стэфановіч, сябра Рады ПЦ «Вясна».

Праваабаронцы ў сваім дакладзе не абышлі ўвагаю і папраўкі ў закон аб медыях, якія накіраваныя на пашырэнне кантролю дзяржавы не толькі над традыцыйнымі медыямі, але і над інтэрнэт-прастораю. Таксама Камітэт правоў чалавека ААН рэкамендаваў скасаваць прыцягненне да адказнасці журналістаў, што супрацоўнічаюць з замежнымі медыямі.

«Нашыя беларускія журналісты працуюць пад ціскам заўсёды. Дзяржава, якая кантралюе дзяржаўныя медыі, заўсёды змагаецца з альтэрнатыўнымі пунктамі гледжання. Да чарговай хвалі рэпрэсіяў над журналістамі мы заўсёды гатовыя», – гаворыць Алег Агееў, намеснік старшыні БАЖ.

Закручванне гаек у грамадскім жыцці шмат хто з адмыслоўцаў звязвае з парламенцкімі і прэзідэнцкімі выбарамі, якія вось толькі анансаваў кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка:

«У нас пачынаецца палітычная вакханалія, якая працягнецца мінімум паўтара года».

На гэтым фоне недарэчна глядзяцца спадзяванні некаторых як айчынных, гэтак і замежных экспертаў на нейкую «размарозку» адносінаў з Захадам і лібералізацыю грамадскага жыцця.

«Некаторыя ўрады – я так думаю, што гэта больш звязанае з унутранымі зменамі палітыкі гэтых урадаў краінаў ЕЗ, – сталі больш актыўна супрацоўнічаць з Беларуссю. Але па вялікім рахунку Еўрапейскі Звяз вельмі крытычна і з насцярожанасцю ставіцца да таго, што адбываецца ў Беларусі, і вялікіх авансаў ніхто тут не раздае», – тлумачыць Алесь Бяляцкі, старшыня ПЦ «Вясна».

Гэта і не дзіва, бо, паводле экспертаў, улады Беларусі фактычна ігнаруюць рашэнні міжнародных арганізацыяў, нават калі гэта супярэчыць Канстытуцыі краіны. Вось так і атрымліваецца – пакуль Камітэт правоў чалавека Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў указвае на шматлікія парушэнні ў галіне правоў чалавека ў Беларусі, у нас гэткімі пытаннямі часцяком займаецца троху іншы камітэт. І ён далёка не такі дэмакратычны.

Зміцер Міцкевіч, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары