Беларусь адкрыла мяжу, але не для ўсіх


Беларусы ізноў могуць уехаць у Беларусь. Дзяржаўны памежны камітэт аднавіў праезд праз наземныя пункты пропуску з усіх кірункаў. Абсурд і шок ад яго спазналі тысячы нашых суайчыннікаў напярэдадні. Перад носам уласных грамадзянаў апусціліся шлагбаўмы на ўезд да сябе на радзіму. Не было тлумачэнняў і законных падставаў. І галоўнае – адказу, на што разлічваць і калі людзі патрапяць дамоў.

Што гэта было? Напярэдадні Дзяржаўны памежны камітэт абмежаваў уезд праз наземныя пункты фізічных асобаў – то бок людзей – з тэрыторыі ўсіх нашых краінаў-суседак, акрамя Расеі. Прычым не пускалі ўсіх – і замежнікаў, і грамадзянаў Беларусі. Зялёнае святло толькі дыпламатам, дальнабойнікам і чыгуначным брыгадам. Афіцыйна – з прычыны эпідэмічнай сітуацыі. Сітуацыя з Ковідам – тая ж, але сёння абмежаванні адмянілі.

«На гэты момант грамадзянаў Беларусі прапускаюць праз дзяржаўную мяжу на ўезд у Беларусь. Датычна ўсіх астатніх катэгорыяў фізічных асобаў мы прымаем індывідуальныя рашэнні. Абмежаванні ўезду ў Беларусь праводзяцца там, дзе ёсць дзейныя міжнародныя пункты пропуску», – заявіў сёння раніцай афіцыйны прадстаўнік Дзяржаўнага памежнага камітэту Антон Бычкоўскі.

З памежных пунктаў гледачы паведамлялі «Белсату» пра вялізныя чэргі на ўезд у Беларусь, поўную блакаду руху легкавых аўтамабіляў і поўны хаос – у ноч на пятніцу ніхто не мог сказаць, чаму шлагбаумы закрытыя.

«Толькі тое, што яны самі не прапускаюць. А Літва – прапускаем усіх», – сказала «Белсату» літоўская памежніца ў пункце пропуску Меднікі.

Беларускія памежнікі таксама не валодалі інфармацыяй.

Вось што казалі нам беларускія грамадзяне на пераходзе ў Медніках:

«Беларусы (памежнікі) не ведаюць самі. Кажуць: мяняецца сітуацыя кожныя 5 хвілін, не ведаем, што вам адказаць«.

«Гэта вельмі-вельмі кепска. Грамадзянін сваёй краіны не можа ўехаць на сваю радзіму. Мала ці што ён тут рабіў, працаваў».

«Я проста дадому хачу. І буду спрабаваць праехаць, я з іншай краіны еду, таму буду спрабаваць».

Дзеянні памежнікаў не адпавядаюць беларускаму заканадаўству, падкрэслівае старшыня Беларускага Хельсінкскага Камітэту Алег Гулак. У чалавека можа канчацца віза, можа не быць грошай, каб заставацца за мяжой, яму пагражае прагул на працы – а свой жа памежнік не пускае без аніякіх тлумачэнняў.

«Гэта натуральнае канстытуцыйнае права кожнага грамадзяніна Беларусі вяртацца ў сваю краіну, і ніякіх выняткаў з гэтага права няма. Ніякіх», – падкрэслівае старшыня БХК.

Мяжу для беларусаў закрылі праз некалькі гадзінаў пасля вось гэтага загаду Лукашэнкі ягоным свежа прызначаным памочнікам, Караеву і Барсукову, якім ён уручыў пагоны генерал-лейтэнантаў, і былому старшыню КДБ Валерыю Вакульчыку.

«Мы павінны закрыць граніцу. Закрыць граніцу – не зрабіць яе жалезнай заслонай, гэта нікому не патрэбна. Граніца – гэта зона дружбы народаў. Вы бачыце, нам кінулі выклік. Якая тут дружба», – казаў Лукашэнка на нарадзе ў сваім палацы.

Зусім нядаўна з’явілася забарона правозіць любыя тавары з Польшчы і Літвы – людзей разварочвалі на ўездзе ў Беларусь нават за пачак кавы. Памятайма і гісторыю з кіраўніком Каталіцкага Касцёлу ў Беларусі Тадэвушам Кандрусевічам. Яго, грамадзяніна Беларусі, Дзяржпамежкамітэт не пусціў дадому, бо нібыта пашпарт не адпавядаў нейкім нормам. Усе гэтыя дзеянні выклікаюць страту даверу да дзяржавы, кажа праваабаронца.

«Сістэма стаіць на вушах з аднаго боку, няма часу прапрацаваць нейкія рашэнні, а з другога боку, няма ніякіх механізмаў знутры сістэмы, якія маглі б дурныя рашэнні тармазіць. Няма каму сказаць: прабачце, гэта незаконна, мы гэта выконваць не будзем», – тлумачыць Алег Гулак.

І хоць сёння вярнуцца дадому ўжо можна, Беларусь застаецца часткова закрытай для замежнікаў, хай і нефармальна. Напрыклад, кампаніі-перавознікі пускаюць у аўтобусы толькі тых, хто мае беларускі пашпарт. Абмежаванні датычаць і замежнікаў – кіроўцаў аўтобусаў.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»