Бел-чырвона-белы цэнтр Менску. Наступным разам сцягоў будуць сотні


А дзявятай гадзіне раніцы бел-чырвона-белыя сцягі залуналі над праспектам Незалежнасці ў Менску. Акцыю правялі актывісты «Маладога фронту».

ЗМІЦЕР ДАШКЕВІЧ, ЛІДАР «МАЛАДОГА ФРОНТУ»:

«Сёння 25-ая гадавіна вялікай даты, калі была разваленая Імперыя зла, і мы вырашылі вось такім чынам адсвяткаваць. Спадзяемся, хутка будзе той дзень, калі ўвесь праспект будзе ў бел-чырвона-белых сцягах 8 снежня».

Падпісанае ў Віскулях у ноч на восьмага снежня 91-га года гэтак званае Белавежскае пагадненне азначала спыненне існавання СССР і стварэнне Садружнасці незалежных дзяржаваў. Свае подпісы пад дакументам паставілі кіраўнікі Беларусі, Расеі ды Украіны. Але не ўсе развіталіся з прывідам Савецкага Саюзу, кажуць актывісты.

ЗМІЦЕР ДАШКЕВІЧ:

«Савецкі Саюз працягвае існаванне ў галовах многіх людзей. Усё ж такі і Лукашэнка, які быў абраны ў 1994 годзе на больш менш дэмакратычных і свабодных выбарах, гэта была рэйнкарнацыя Савецкага Саюза».

Рэакцыя ж сілавікоў на сённяшнюю акцыю «Маладога фронту» была традыцыйная. Праваахоўнікі затрымалі журналістаў «Нашай нівы» Ірыну Арахоўскую і Мікіту Недаверкава, хоць апошнія адразу ж паказалі свае пасведчанні.

ІРЫНА АРАХОЎСКАЯ:

«Нас адвезлі ў Цэнтральны РУУС. Нас раздзялілі і абшуквалі ў розных пакоях. Знялі шнуркі, рамні, ланцужкі. І дагляд увогуле быў вельмі дэталёвы».

Журналістаў каля гадзіны пратрымалі ў РУУС, пасля чаго адпусцілі. З вывешаных «Маладым фронтам» дваццаці пяці сімвалічных бел-чырвона-белых сцягоў дваццаць тры на праспекце праваахоўнікі знялі. Засталіся толькі два, што Зміцер Дашкевіч разам з дачкою Марай вывесіў дома.

ЗМІЦЕР ДАШКЕВІЧ:

«Мы ў прынцыпе думалі вывесіць сцягоў больш, але ўчора, калі мы ехалі (я так жартую) на нашую фабрычную вытворчасць за горад, каб нашыць сцягоў, заўважылі, што ў Сяргея Пальчэўскага чэкісты прарэзалі проста чатыры колы ў машыне. Яны не падлягаюць аднаўленню. І мы ўжо вырашылі сабраць усе сцягі, якія ў нас ёсць, і ўзняць іх».

Каб наступным разам над сталіцай луналі 100 ці нават 200 сцягоў, Зміцер Дашкевіч заклікаў усіх, хто можа дапамагчы, сабраць сродкі на набыццё колаў ды тканіны.

Вольга Кляўчэня, «Белсат», фота: NN.BY