Беглі і немаўляты, і пенсіянеры. У Віцебску адзначылі Сусветны дзень бегу


Сёння Сусветны дзень бегу. Таму прабегчыся разам усіх ахвотных запрасіла суполка «Sun Run Vitebsk». Ідэю падхапіла нямала віцяблянаў. І як высветлілася, бег – гэта занятак не толькі для спартоўцаў, маладых і здаровых, але і для пенсіянераў і немаўлятаў.

Самых малодшых прывозяць у вазках, а самому сталаму ўдзельніку суполкі аматараў бегу «Sun Run Vitebsk» – амаль 90!

«Можна займацца, пакуль ногі ходзяць. Спорт і ўзмацняе здароўе, і бадзёрасць нейкую дае. Спорт – гэта неад’емная частка чалавека», – кажа ўдзельнік суполкі Аляксандр Велігодскі.

Заснавальніца суполкі віцяблянка Алена Жукава чатыры гады жыла ў Менску, дзе бег больш папулярны. Там і захапілася гэтым відам спорту.

Толькі ў сацыяльнай сетцы «УКантанце» на запыт «бег» выдае 29 менскіх суполак – ад 6 да больш за 6 тысячаў удзельнікаў. У Менску ладзяцца самыя вялікія масавыя забегі ў Беларусі. Найбуйнейшы – Менскі паўмарафон, які збірае дзясяткі тысячаў удзельнікаў.

Па вяртанні ў родны Віцебск летась у кастрычніку Алена адразу ўзялася арганізоўваць мясцовую суполку.

«Да нас могуць прыходзіць усе! У нас ёсць хто асобна бегае з навічкамі, да нас магчыма, хто хоча, з палкамі скандынаўскімі, да нас можна на роварах. То бок у нас за здаровы лад жыцця», – распавядае Алена Жукава, заснавальніца «Sun Run Vitebsk».

Ахвотных далучыцца аматары здаровага ладу жыцця заклікаюць праз інтэрнэт. Удзельніца суполкі Кацярына Сцефаненкава кажа:

«У нас ёсць суполкі ў сацыяльных сетках. Мы выкладаем інфармацыю паўсюль. Аб забегах, аб прабежках, аб трэнаваннях. Гэта ўся інфармацыя выкладзеная. Каб людзі не баяліся, прыходзілі, не саромеліся. Бо няма нейкага пэўнага фармату. То бок не важна, у якой ты форме, не важна, як ты выглядаеш, не важна, у што ты апрануты».

Але «Sun Run Vitebsk» не проста аматарская суполка. У іх ёсць свой трэнер – выкладчык лёгкай атлетыкі Дзяніс Дзенісюк. Цяпер ён рыхтуе ахвотных да ўдзелу ў марафоне і трыятлоне:

«Хацелася б быць у Віцебскі гэткімі frontrunner, як цяпер кажуць масквічы. То бок развіваць бегавы рух, каб былі, напрыклад, якія не будзь спонсары, там, «Nike», «Adidas». Каб мы, напрыклад, разыгрывалі кожныя выходныя красоўкі. Тады людзі падцягнуцца. Бо будзе інтарэс».

Ну а пакуль няма розыгрышу красовак, усе роўна можна падцягвацца, каб умацаваць здароўе і пазнаёміцца з аднадумцамі. «Sun Run Vitebsk» ладзіць свае імпрэзы ў парку каля ракі Віцьба штотыдзень і анансуе іх у суполках у сацыяльных сетках.

Ян Вярбіцкі, belsat.eu