БАЖ судзіцца, каб журналісты свабодна траплялі ў суды


Беларуская асацыяцыя журналістаў праз суд патрабуе дазволіць бесперашкодны ўваход ва ўсе суды прадстаўнікам СМІ з прафесійнай тэхнікай. На сённяшні дзень трапіць журналістам у суды можна толькі пасля акрэдытацыі з прэс-сакратаром. Гэтую норму аспрэчвала сёння прафесійная асацыяцыя ў Вярхоўным судзе.

Паводле нашага заканадаўства, я і мае калегі з «Белсату» мусім быць акрэдытаваныя ў Міністэрстве замежных справаў як замежныя журналісты. Мы дагэтуль – пакуль беспаспяхова – спрабуем атрымаць акрэдытацыю для нашага тэлеканалу. А прадстаўнікі судоў нас не лічаць журналістамі. Таму і на судовыя паседжанні мы трапляем, як правіла, без прафесійнай тэхнікі.

Міністэрства замежных справаў не дае акрэдытацыі, таму не акрэдытоўваюць і ў судзе. «У вас няма акрэдытацыі, мы вас не прапускаем, вы можаце прайсці як грамадзяне толькі па пашпартах».

«Хаця насамрэч акрэдытацыя – гэта ўмовы асаблівага спрыяння, гэта не забарона на працу, а наадварот, спрыяльныя дадатковыя ўмовы, спрыяльныя для працы, толькі ў нас гэта разумеюць як забарону», – кажа журналістка Белсату Галіна Абакунчык.

Паводле ўнутранай інструкцыі наведання судоў, каб трапіць на паседжанне, трэба акрэдытавацца ў прэс-сакратара суда. Інакш ахова можа не прапусціць. Так летась журналістка газеты «Новы час» Дзіяна Серадзюк без перашкодаў праходзіла на паседжанні ў гэтак званай справе БелТА. Але на абвяшчэнне прысуду галоўнай рэдактарцы «Тут.бай» Марыне Золатавай не трапіла праз адсутнасць дадатковай акрэдытацыі.

«Мяне не прапусцілі як журналіста, але сказалі, што я магу прайсці як слухач. То бок месцы ў зале былі. Але паколькі ў мяне быў вось такі вось здымач, мне сказалі, што з тэхнікай не прапусцяць», – кажа журналістка газеты «Новы час» Дзіяна Серадзюк.

Паводле апытання Беларускай асацыяцыі журналістаў, летась з перашкодамі ўваходу ў суды сутыкнуліся больш за палову прадстаўнікоў СМІ. БАЖ спрабуе праз суд давесці: патрабаванне для журналістаў узгадняць свой візіт з прэс-службай – архаізм.

«Правы журналіста замацаваныя ў законе «Аб сродках масавай інфармацыі», а інструкцыя, якую зацвердзіў нейкі чыноўнік, не павінна абмяжоўваць яшчэ больш правоў журналістаў, чым яны абмежаваныя ў законе «Аб СМІ», – кажа юрыст Беларускай асацыяцыі журналістаў Алег Агееў.

Сённяшні суд аднак пастанавіў наагул не разглядаць справы. Бо пазоўнік – грамадская арганізацыя. У гэтым выпадку, паводле Вярхоўнага Суда, пазоўнікам мусіць быць камерцыйная ўстанова. Цяпер БАЖ шукае рэдакцыю, якая пагодзіцца адстойваць правы журналістаў у судзе.

Наста Кахановіч, «Белсат»