«Бацюшка са свастыкай» прызнаў віну ў абароце зброі


Канстанцін Бурыкін моцна схуднеў, хавае твар ад журналістаў і звязвае суд з інтрыгамі зайздросных канкурэнтаў са спартовай сферы. Былога святара царквы ў Менскім раёне, у якога ўдома знайшлі зброю, патроны і рэчы з фашысцкай сімволікай, прыйшлі падтрымаць сябры-спартоўцы. Прыхаджане царквы не прыйшлі.

«Ён гарачы прыхільнік дзяржаўнасці Рэспублікі Беларусь, цалкам падтрымлівае палітыку прэзідэнта, і каб у яго былі прыхільнасці супрацьлеглыя, каб ён іх хаваў – для мяне гэта проста абсурд», – абараніў падазраванага Аляксандр Раманаў, траюрадны брат Бурыкіна.

На сустрэчы з нацыстамі бласлаўляў патрыярх

Паводле Канстанціна Бурыкіна, тры патроны, што ляжалі ў яго ўдома, знайшоў дзесьці старэйшы сын, а пісталет і рэвальвер, што фігуруюць у справе, проста ляжалі забытыя дома з пачатку 2000-х гадоў, як памяць аб арганізацыі «РНЕ» – «Русское национальное единство».

У судзе Бурыкін заявіў, што сустракаўся з чальцамі арганізацыі з блаславення патрыярхату, і даваў справаздачы патрыярху Філарэту, тагачаснаму кіраўніку Расейскай праваслаўнай царквы ў Беларусі. Паводле паказанняў сведкі, з кватэры Бурыкіна следчыя забралі літаратуру і лічбавыя носьбіты з ваеннай хронікай Трэцяга райху.

«Ён дзіця 1990-х. А 90-я годы гэта развал краіны. У развале краіны кожны чалавек шукае вінаватых. Арганізацыя «РНЕ», да таго, як скаціліся ў чысты нацызм, яны спачатку былі пазітыўнай арганізацыяй, якая захоўвала дух і спрабавала не дапусціць развала Расеі», – заступіўся за Бурыкіна знаёмы трэнер Яўгеній Дабратворскі.

Святар мае нацысцкія татуіроўкі на целе

Спадар Бурыкін сцвярджае, што гэта трэба дзеля пакоры духу. Але на справе праваслаўны бацюшка трымаў удома карціну, дзе ён з сямʼёй у эсэсаўскай форме, ды падтрымліваў сувязі з расейскімі нацыяналістычнымі арганізацыямі, куды перайшло шмат чальцоў «РНЕ».

«РНЕ» заўжды была неафашысцкай арганізацыяй, мяркуе Павал Севярынец. Таму вялікае пытанне, навошта патрыярх Філарэт дасылаў туды людзей для хрысціянскіх службаў. Паводле апазіцыйнага дзеяча, беларуская праваслаўная царква мусіць вырашыць, што рабіць са святарамі, якія адкрыта падтрымліваюць так званы «рускі свет».

«Белсат» працягне сачыць за развіццём працэсу Канстанціна Бурыкіна.

Яраслаў Сцешык, «Белсат», фота: Дар’я Бурякіна / TUT.BY