Бацькі не змаўчалі, калі даведаліся, што дзяцей без згоды ўпісалі ў БРСМ


Скандал у сталічнай гімназіі № 23. Вучні знайшлі сябе ў спісах БРСМ, куды, як кажуць, ніколі не ўступалі. На паперы яны не толькі лічыліся чальцамі, але і плацілі складкі (унёскі). Школьнікі і бацькі не сталі замоўчваць сітуацыю.

Выпускніца сталічнай гімназіі нумар 23 Настасся Быкоўская нават і не падазравала, што яна – сябра БРСМ. Ды яшчэ і робіць у арганізацыю ўнёскі. Новыя акалічнасці ўласнае біяграфіі Настасся даведалася з дакументу, апублікаванага ў чаце, дзе камунікуюць гімназісты.

Настасся Быкоўская, выпускніца гімназіі № 23, Менск:

«Там бачны быў амаль увесь мой клас. Там бачна, што ў адзін і той жа дзень усе ўнеслі грошы, адную і тую ж суму».

Самае абуральнае, кажа выпускніца, не тое, што вучняў іхнага класу – 20 з 23 гімназістаў – без іхнага дазволу ўключылі ў БРСМ, а тое, што подпісы ў гэтым дакуменце былі падробленыя.

«У мяне няма канкрэтных прэтэнзіяў да выкладчыкаў або да кагосьці з педагогаў ці адміністрацыі. У мяне ёсць прэтэнзіі да сістэмы, дзе ёсць нейкія планы па ўступленні ў БРСМ», – абураецца Вольга Быкоўская, маці.

У выніку менавіта дырэкцыі гімназіі давялося прыносіць прабачэнні: інцыдэнт тут назвалі «не зусім добрым жартам» ды паабяцалі разабрацца. А ў БРСМ Савецкага раёну Менску дык наагул адхрысціліся ад скандалу: маўляў, нават ведамасці не прынялі, бо спіс сябраў арганізацыі не адпавядаў рэальнасці.

Былы старшыня моладзевай арганізацыі «Малады фронт» Зміцер Дашкевіч кажа, што практыка ўключэння «мёртвых душаў» у шэрагі БРСМ – справа распаўсюджаная, а таму дакладна сказаць, колькі яна сапраўды ўтрымлівае сябраў, немагчыма:

«Настаўнікам прасцей самім плаціць гэтыя ўнёскі ды атрымліваць прэмію за тое, што яны тут стварылі мегаструктуру фэйкавую».

Гісторыя з прымусам уступлення школьнікаў у шэрагі арганізацыі – не новая. Летась Радыё Свабода апублікавала аўдыязапіс з менскай гімназіі нумар 31, на якім намесніца дырэктара Інэса Ахрамовіч заганяла школьнікаў у БРСМ:

«Гэта антыбеларушчына нейкая, антысаветчына. Вы, значыць, не падтрымліваеце палітыкі нашага прэзідэнта, атрымоўваецца?»

Самыя ж улады шчодра падтрымліваюць нашчадкаў камсамолу. Да прыкладу, сёлета на дзяржаўныя моладзевыя арганізацыі з бюджэту плануецца выдаткаваць амаль 8 мільёнаў рублёў. Асноўная частка ідзе на БРСМ. Жыхары Менску кажуць:

«Сэнс для ўладаў у гэтай арганізацыі ёсць. Але асабіста для мяне сэнсу няма. І тое, што гэта ўтрымліваецца, сярод іншага, на вылікі з майго заробку, гэта не прышпільна».

«Невялікія сумы, гэта ўсё ў межах нормы».

«Можна было б выдаткаваць іх на нешта лепшае, але не мне вырашаць».

«Мы не толькі за гэтую арганізацыю плацім. Так што адной больш, адной менш».

У сувязі ж з інцыдэнтам у 23-й гімназіі бацькі вучняў пісьмова звярнуліся да адміністрацыі ўстановы па тлумачэнні. Цяпер чакаюць адказу, які мае быць да канца месяца.

Віталь Бабін, belsat.eu