Батанікі і валанцёры падпісалі гарадскія расліны на асфальце


У сусветны дзень навакольнага асяроддзя беларускія прыродаахоўнікі і батанікі вырашылі далучыцца да міжнароднай акцыі: падпісваць крэйдай на асфальце назвы раслін і дрэваў. Толькі ў адной сталіцы можна пабачыць каля сотні відаў раслін і больш за шэсць дзясяткаў відаў дрэваў. Глядзіце пад ногі і вывучайце гарадскую флору.

«Будзе цудоўна, калі людзі звярнуць увагу і задумаюцца пра ролю дзікіх раслінак у нашым горадзе, пра ўдзел у харчовых ланцужках, пра ролю апылення, і пра тое, што гэта важная рэч у горадзе. Гэта не проста пустазелле і трава», – кажа Карына Салавей, кіраўніца аддзелу развіцця ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны».

«Такія валаскі, яны могуць белыя або жоўтыя. Яны белыя, значыць гэта ліпа буйналістовая. А калі б былі жоўтыя, то гэта была б нашая ліпа сэрцавідная», – расказвае Аркадзь Скуратовіч, старэйшы навуковы супрацоўнік лабараторыі флоры і сістэматыкі раслін інстытуту эксперыментальнай батанікі імя Купревіча.

«Гэта называецца макрыца. Тая макрыца, якая запаўняе градкі з гароднінай, кветкамі. Калі яе сарваць, пакрышыць, памыць-пакрышыць, дадаць нешта да кіслаты, то тут вельмі шмат вітамінаў. Таму ў прынцыпе можна есці», – расказвае навуковец.

«Калі жыхары гораду любяць зімой падкормліваць птушак, гэта пажадана рабіць, прынамсі я так раблю, то не забудзьце пакуль зараз сезон назбіраць насенне дзьмухаўца. Імі вельмі любяць ласавацца многія птушкі», – кажа спадар Скуратовіч.

Наста Кахановіч, «Белсат»