Басы – усё! Жывуць Басы!


У бары пад Гарадком, што ў пары дзясяткаў кіламетраў ад беларускае мяжы завяршаецца трыццаты фестываль музыкі маладой Беларусі Басовішча. Унікальная пляцоўка для беларускай музыкі ў Польшчы.

«Басы» – на мой погляд, першы фестывальны рух, які аб’яднаў усе беларускамоўныя гурты розных напрамкаў у адно цэлае відовішча – Басовішча», – гаворыць Алесь Таболіч з гурта «Znich».

Сёлета адбыўся апошні 30-ты фестываль «Басовішча». У свой час імпрэза была штуршком у дарослае жыццё для дзясяткаў беларускіх гуртоў і выканаўцаў, магчымасцю заявіць пра сябе, а для музыкаў з паўафіцыйнага чорнага спісу – ледзь не адзіным шанцам выступіць на вялікай сцэне.

«У свой час мы з «Парасонам» атрымалі, калі не памыляюся шэсцьсот долараў. Па тых часах гэта былі дасткова добрыя грошы. Мы змаглі набыць інструменты, нейкім чынам укласці гэтыя грошы. А таксама атрымалі пяцьдзясят гадзінаў запісу ў якаснай студыі польскай», – распавядае суарганізатр з беларускага боку Віталь Зыблюк.

Музыка згадвае, што тады – у сярэдзіне дзвюхтысячных, перамога на сцэне гарадоцкага борыку была сваеасаблівым знакам якасці. Трыўмфатараў конкурсу маладых выканаўцаў заўважалі і пачыналі запрашалі на канцэрты.

«Басовішча» развівалася разам з беларускай музыкай, якая была рознай: спачатку гэта быў рок, потым быў цяжаляк, нейкая альтэрнатыва, мэтал, потым гэта стала больш лёгкая музыка. На »Басовішчы« выступалі і рэперы. Гэта канкрэтны паказнік развіцця беларускай музыкі. Таму казаць, што «Басовішча« спаскудзілася, як кажуць на Падляшшы, я думаю, што не варта», – мяркуе Сяргей Будкін, кіраўнік парталу Tuzin.fm.

У свае лепшыя гады БАСы былі невялікім летнім вакенцам у Еўропу. Сотні маладых беларусаў упершыню выехалі за мяжу менавіта з візай, што атрымалі на фестываль. Цяпер жа і чорных спісаў забароненых музыкаў няма і выехаць за мяжу стала куды прасцей. А фармат і магчымасці імпрэзы за часам не паспяваюць.

«Тут трэба ісці ў бок камерцыялізацыі, каб вытрываць далей, але зразумела, што фестываль пачынаўся як студэнцкая ідэя і ладзіўся студэнтамі, непрафесійнымі арганізатарамі мерапрыемстваў магчыма прыйдуць на фестываль прамоўтары, якія займаюцца фестывалямі і падхопяць гэтую ідэю, галоўнае, каб сама ідэя захавалася», – лічыць Віталь Зыблюк.

Пры гэтым арганізатары не кажуць, што гэта апошні фестываль, паўсюль зазначаецца, што гэта апошняя імпрэза арганізаваная Беларускім абʼяднаннем студэнтаў.

«Басовішча» – гэта не толькі музыка. Гэта першы сапраўдны глыток свабоды для беларуса, гэта душа і сэрца ўжо не аднаго пакалення. Гэта традыцыя. А значыць, не можа ўсё проста так скончыцца. Жывуць Басы!

Марыя Арцыбашава, «Белсат»