«Барсэлона» разбіла «Чэлсі». Хто яшчэ ў 1/4 Лігі Чэмпіёнаў?


Спорт

Футбол

Вызначыліся ўсе ўдзельнікі чвэрцьфінальнай стадыі футбольнай Лігі Чэмпіёнаў. Апошнія на гэтую прыступку ўскочылі іспанская «Барсэлона» і мюнхенская «Баварыя». У матчы ў адказ паміж «Барсай» і «Чэлсі» сенсацыі не адбылося, і каталонскі клуб пацвердзіў статус фаварыта.

«Сіне-гранатавыя» на «Кам Ноў» разграмілі 3:0 лонданскі «Чэлсі», а на «Стэмфард Брыдж» згулялі ўнічыю 1:1. Дублем у гаспадароў вызначыўся Льёнэль Мэсі, адзіны гол забіў Дэмбэле. Калі зыходзіць з выніковага ліку, можна падумаць, што каманда Эрнэста Вальвэрдэ выгуляла лёгка. Аднак лонданцы неаднаразова цягам сустрэчы выдавалі годныя гульнявыя адрэзкі, але з рэалізацыяй галявых момантаў у калектыву Антоньё Контэ былі праблемы.

У іншым супрацьстаянні 1/8-ай фіналу «Баварыя» спачатку ўдома паздзекавалася з турэцкага «Бэшыкташу» – 5:0, а затым і ў гасцях перамагла суперніка, 3:1. «Бэшыкташ» перад сваёй публікаю папросту не мог гуляць халтурна пасля прыніжэння ў Нямеччыне, таму стараўся з усіх сілаў рэабілітавацца. «Баварыя» паступіла сумленна, не выставіўшы рэзервовага складу, а згуляўшы ў поўную сілу, асноўнымі футбалістамі.

Акрамя «Барсы» ды «Баварыі», у 1/4-ай, лёсаванне якой пройдзе заўтра, згуляюць «Рэал», «Сэвілья», «Ліверпул», «Манчэстэр Сіці», «Ювэнтус» і «Рома».

Хакей

Гарадзенскі «Нёман» з лікам 2:0 павёў у паўфінальнай серыі Экстралігі хакейнага чэмпіянату краіны. У першым матчы супрацьстаяння «Дынама» з «Маладзечна» гарадзенцы на сваёй пляцоўцы толькі ў другім оўвэртайме даціснулі апанента 3:2, у наступнай сустрэчы разграмілі суперніка 5:0.

Баскетбол

Менскія баскетбольныя «Цмокі» скончылі свой удзел у гульнях на Кубак ФІБА-Еўропа. На сваім паркеце менскі клуб у матчы ў адказ 1/8-ай фіналу не здолеў разабрацца з італьянскім «Авэлліно», а фінальныя лічбы на табло – 72:81.

Біятлон

У нарвежскім Гольмэнколене дзвюма спрынтарскімі гонкамі стартаваў перадапошні сёлета, восьмы этап Кубка свету па біятлоне. Сярод прыгожай паловы Дар’я Домрачава сталася ўладальніцаю срэбра, саступіўшы пераможцы Анастасіі Кузьміной са Славаччыны ўсяго 9 секундаў. Бронза – ва ўкраінкі Юліі Джымы. Надзея Скардзіна фінішавала 24-ая, Надзея Пісарава – 87-ая. У мужчынаў нечакана спрынт выгуляў нарвежац Гэнрык Ль’абэ-Люн, другі радок – у ягонага суайчынніка Ёганэса Бё, замкнуў тройку Мартэн Фуркад. Найлепшы з беларусаў – Сяргей Бачарнікаў, ён 38-мы.

Дзмітрый Сухановіч, «Белсат», фота: Susana Vera / Reuters / Forum