Баразенка: Ёсць новыя тэхналогіі, мабільныя тэлефоны. Будзем працягваць!


Апладысментамі сустракалі каля Акрэсціна аператара «Белсату» Алеся Баразенку сябры і калегі. Абдымкі і пытанні пра самаадчуванне, бо Алесь 13 дзён трымаў галадоўку на знак пратэсту супраць беспадстаўнага арышту.

Алесь Баразенка, аператар «Белсату» каментуе свой арышт:

Не было цяжка роўна да таго моманту пакуль у справу не ўмяшаліся нервы, звязаныя з канфіскацыяй тэхнікі. Тады стала цяжэй. І вось з адзінаццатага дня стала вельмі цяжка. Тады прыязджала хуткая. І я вырашыў, што ўсё ж такі здароўе яно на будучыню даражэй.

На шосты дзень арышту Баразенкі яго выклікалі ў пакой допытаў на следчыя дзеянні, дзе прадстаўнік АБЭП аформіў пратакол аб канфіскацыі тэхнікі, з якою наш аператар працаваў на Дзень Волі. Абсталяванне сапраўды належала Баразенку, але новым было тое, што на ім з’явіліся налепкі з надпісам «Белсат».

«Бачна, што людзі, якія іх вешалі – гэтыя налепкі, яны абсалютна нічога не разумеюць у тым, як функцыянуе камера, таму што яны вешалі іх, напрыклад, на тыя часткі батарэек, якія схаваныя», – кажа Аляксандр.

У гэты ж дзень сканфіскавалі і ўсю тэхніку з двух менскіх офісаў нашага тэлеканалу, на якой таксама загадкавым чынам з’явіліся тыя ж налепкі.

Кажа Аляксей Мінчонак, афіцыйны прадстаўнік «Белсату» у Беларусі:

Гэта становіцца падставаю, фармальнаю падставаю для праваахоўных органаў канфіскаваць гэтую тэхніку, бо паводле закону, у выпадку, калі на ёй змешчаны лагатып, яна становіцца прадметам правапарушэння і такім чынам яе канфіскоўваюць.

Але сам тэлеканал да гэтага «правапарушэння» не мае аніякага дачынення.

«Гэта не нашыя налепкі, мы іх ніколі не выраблялі, не распаўсюджвалі, ніколі не наносілі іх на тэхніку: ні на кампʼютарную, ні на камеры», – кажа Аляксей.

Дагэтуль ні затрыманні, ні суды і ні штрафы ды нават арышты не спынілі дзейнасці нашых журналістаў. Не спыніць і канфіскацыя тэхнікі, хоць гэта, безумоўна, балючы ўдар.

Кажа Алесь Баразенка, аператар «Белсату»:

«Галоўная праблема, што зараз няма з чым працаваць. Мяне фактычна пазбавілі права на прафесію на дадзены момант. Але я знайду выйсце з гэтай сітуацыі. Ёсць новыя тэхналогіі, мабільныя тэлефоны. Будзем працягваць!»

Калі аператара «Белсату» з Менску пазбаўляюць магчымасці працаваць праз канфіскацыю камеры, то нашай аператарцы з Гомля пагражаюць пазбаўленнем бацькоўскіх правоў. Чакаюць разгляду справаў паводле складзеных пратаколаў наш акрэдытаваны менскі аператар і берасцейскія журналісты.

Барыс Гарэцкі, Беларуская асацыяцыя журналістаў:

За апошні месяц БАЖ налічыла больш за сто выпадкаў перашкоды працы законнай дзейнасці журналістаў. Гэта гарачы быў месяц у адмоўным сэнсе.

На знак пратэсту на такія дзеянні ўладаў на лагатыпе «Белсату» з’явілася чорная стужка.