Бараўляны застаюцца без бору – высякаюць векавы лес


Вось гэты плот стаіць на месцы планаванай будаўнічай пляцоўкі: улады хочуць высекчы векавы лес. Мясцовыя жыхары сталі ў яго абарону. Паводле генеральнага плану, на месцы лесу маюць паўстаць школа і дзіцячы садок.

«Ні ў водным доме не знойдзецца людзей, якія былі б супраць дзіцячага садка альбо школы. Усе адчуваюць гэты недахоп. Але выбраць участак у месцы, дзе растуць векавыя сосны, – гэта ўвогуле здабытак нашай дзяржавы – як можна знішчыць такі лес?!», – абураецца мясцовая жыхарка Наталля Шаблінская.

Тры гады мясцовыя жыхары дамагаюцца, каб гэтыя сацыяльныя аб’екты пабудавалі ў іншым месцы.

«Сабралі больш за 6 тысяч подпісаў людзей, якія сказалі – давайце пакінем у спакоі лес і паспрабуем паставіць дзіцячы сад і школу на пустых участках – яны ёсць: за 500 метраў адсюль ёсць пустое поле, дзе можна паставіць і дзіцячы сад і школу – нас не пачулі», – сцвярджае мясцовы жыхар Уладзімір Міцін.

«Усе дэкларуюць, што ў нас сацыяльная дзяржава, што ўсё для людзей і пераважае мясцовае самакіраванне. Але ў сапраўднасці нас ніхто не чуе», – уражаны мясцовы жыхар Мікалай Жукаў.

Пачатак фармавання будаўнічай пляцоўкі стаў апошняй кропляй цярпення.

«Прыехалі працаўнікі нейкай невядомай арганізацыі, пачалі ставіць плот, прыкрываючыся распараджэннем новага «губернатара». Хоць 28 лютага нам пісалі, што жоўтыя пазнакі не маюць дачынення да высякання лесу, аднак гэта ізноў быў падман», – уражаная мясцовая жыхарка Алена Гардун.

«У іх ёсць такі падман: высекуць увесь лес, пасля зробяць такі «падкавёрны» падман, што ў іх няма грошай ні на школу, ні на паліклініку, ні на дзіцячы сад і пусцяць «з малатка» на продаж пад мікрараён», – перакананая мясцовая жыхарка Ілона.

«Я хачу, каб чыноўнікі, кожны з тых, хто падпісаўся за знішчэнне гэтага лесу памяталі, што іх дзеці і ўнукі будуць цярпець і адказваць за тое, што яны ўчынілі сваімі дзеяннямі і бяздзеяннем», – памярэджвае мясцовы жахар Вадзім.

Нягледзячы на пратэсты жыхароў, у Бараўлянскім сельвыканкаме паведамляюць, што рашэння пра высяканне лесу ніхто не адмяняе.

«Ніякіх звестак пра тое, што там не будзе будаўніцтва, – няма. Я жыхарам і летась казаў, што калі б паступілі якія звесткі – я б іх паінфармаваў. Паколькі нічога не паступала – значыць, усё ідзе сваёй чарадой. Будаўніцтвам у нас займаюцца кампетэнтныя структуры выканкаму», – паведаміў намеснік старшыні Бараўлянскага сельскага выканаўчага камітэту Сяргей Кандрашын.

Грамадскія актывісты заяўляюць, што знішчэнне лесу без увагі на пратэсты грамадзянаў – гэта пляванне ўладаў людзей.

«Не зразумела ня толькі з гледжання заканадаўства такое рашэнне ўладаў, але і звычайнай логікі. У Менскім раёне – тым жа Бараўлянскім сельскім савеце – вельмі шмат населеных пунктаў, дзе няма ні дзіцячых садоў, ні школ – гэта і Копішча, і Дроздава, і Калодзішчы. І чаму менавіта на ўскрайку Бараўлянаў – не ў цэнтры, а на ўскрайку трэба высякаць гэты кавалак лесу і будаваць гэтыя аб’екты – зусім не зразумела», – заяўляе старшыня грамадскай арганізацыі «Ваколіца» Вольга Беляўцова.

Жыхары Бараўлянаў заяўляюць, што не збіраюцца адступацца: яны рыхтуюць скаргу ў суд і гатовыя бараніць лес.

Галіна Абакунчык, «Белсат»