Бар'ер для кітайскага каронавірусу збудавалі ў Беларусі


Улады Беларусі рыхтуюць спісы кітайскіх студэнтаў і рабочых, якія будуць вяртацца з радзімы пасля навагодніх канікулаў, каб дадаткова спраўдзіць іх здароўе ў аэрапорце.

Галоўнае – не прапусціць смяротны каронавірус 2019-nCoV, які толькі за адзін дзень знайшлі ў трох новых краінах свету. Але не ў Беларусі. Як запэўнівае міністр аховы здароўя, асобы, якія былі ў Кітаі доўгі час, цяпер у зоне рызыкі.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

Усе айчынныя медустановы цягам дня атрымалі план дзеянняў, калі выявяць пацыента з сімптомамі пнеўманіі каронавірусу. Але першая мэта – каб смяротная хвароба не закранула Беларусь – заявіў міністр здароўя Уладзімір Каранік:

«Выпадкаў рэгістрацыі каронавірусу ў Беларусі няма. Супрацьэпідэміялагічныя захады выконваем у поўным абʼёме. Гэта датычыць Нацыянальнага аэрапорту «Мінск-2» і іншых пунктаў пропуску па ўсёй мяжы Беларусі».

Памежны камітэт, Мінтранспарту і службы аэрапорту выпрацавалі агульны план дзеянняў. Пасля 30 студзеня самалётамі праз Менск у краіну будуць вяртацца студэнты-кітайцы і турысты-беларусы, якія выехалі на працяглае святкаванне Кітайскага Новага году. На пераломе месяцаў – канец афіцыйных вакацыяў, а 8 лютага – заканчэнне свята паводле луннага календара. Міністр здароўя Уладзімір Каранік кажа:

«У нацыянальным аэрапорце Белавіа будзе наладжанае падвойнае кантраляванне. Супрацоўнікі медычнай службы будуць падымацца на борт самалёту дзеля выяўлення пацыентаў з прыкметамі віруснай інфекцыі. Такіх пацыентаў будуць перадаваць медслужбе грамадзянскай авіяцыі».

Міністр здароўʼя сустракаўся з амбасадарам Паднябеснай. Лічыць, што ўлады КНР робяць усё магчымае дзеля нераспаўсюду віруса за межы Кітаю.

Статыстыка ўсё ж пагаршаецца. Вывезлі хваробу з Кітаю ў 15 краінаў, у тым ліку дзве Еўрапейскія – Францыю і Нямеччыну. Пад наглядам нямецкіх медыкаў цяпер застаецца каля 40 чалавек, якія мелі рызыку заразіцца ад інфікаванага. У Кітаі ж лічба хворых перавысіла 4,5 тысячы. Больш за 100 – памерлі. Хворы на пнеўманію жыхар Ўу-Ханю, Чэн, кажа праз радыю з палаты-ізалятару:

«Пакуль нас падтрымлівае краіна і партыя, мы ўпэўненыя, што зможам перамагчы эпідэмію».

Ідэалогія і намаганні групы грамадзянскіх і вайсковых лекараў ужо амаль выцягнулі 82-гадовага пацыента, ён ідзе на папраўку. У мегаполісе з 12-мільённым насельніцтвам Ўу-Хань, з рынку морапрадуктаў якога выйшла эпідэмія, будуюць адмысловы шпіталь Хо-Шэнь-Шань, разлічаны на 1000 ізаляваных палатаў. Канструктар Шпіталю Хо-Шэнь-Шань Лю Фэй запэўнівае:

«Будаўніцтва ідзе бесперабойна, мы здольныя завяршыць аб’ект як найхутчэй».

Ўу-Хань візуальна ператвараецца ў горад-прывід з фільму катастрофы: пустыя вуліцы, людзі ў спецадзенні і масках… Адзін з іх – Дэйвід, канстатуе:

«Усе семʼі сядзяць па дамах, людзі не выходзяць на вуліцу. Усе імкнуцца да меншых зносінаў і гігіены. Эпідэмія распаўсюджваецца вельмі хутка».

Хоць эпідэміёлагі цвердзяць – заразіцца не надта проста: толькі ў выніку цеснага кантакту з інфікаванаю асобаю, праз слізістыя абалонкі. Інкубацыйны перыяд – ажно 14 дзён, таму гасцей эпіцэнтру эпідэміі перад выездам з краіны змяшчаюць у карантын, мінімізуючы рызыкі.

Юлія Цяльпук belsat.eu