Аб'ектыў 26.06.2017 Балонскі працэс у Беларусі: ты студэнт, пакуль маўчыш


Больш за 60 000, бюджэтнікаў і платнікаў, прынялі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы летась. Вучыцца – можна. Але да моманту, пакуль не пачынаеш выказваць сваю грамадскую пазіцыю.

«Сітуацыя з акадэмічнымі свабодамі толькі пагаршаюцца. Студэнтаў як выганялі з універсітэтаў, гэтак і выганяюць за грамадзянскую дзейнасць. Самакіравання сапраўднага няма. І пакуль адбываецца толькі пагаршэнне сітуацыі», – падкрэсліў праваабаронца Зміцер Салаўёў.

У ВНУ адсутнічае любая свабода

Гэтак адлічылі з БДУ пасля ўдзелу ў веснавых акцыях пратэсту лідара «Моладзі БНФ» Юрася Лукашэвіча.

«Сёння ва ўніверсітэтах адсутнічае любая свабода. Выкладчыкі і студэнты не маюць ніякае вагі. Там працуюць ідэолагі, розныя прадстаўнікі «Белай Русі» і гэтак далей, якія кіруюць усім, але па факце выкладчыкі і студэнты – яны дзесьці там убаку», – тлумачыць актывіст.

Спроба дыялогу

Менавіта каб палепшыць сітуацыю і адбылася сённяшняя канферэнцыя ў сталіцы, дзе студэнты, выкладчыкі, праваабаронцы ды актывісты шукалі шляхоў супрацы.

Дзеля гэтага таксама падпісалі зварот да замежных партнёраў, каб тыя выказвалі салідарнасць з беларускімі студэнтамі. А нашай краіне ёсць што губляць. Праз шмат гадоў высілкаў толькі два гады таму мы далучыліся да Балонскага працэсу, уліўшыся ў еўрапейскую прастору адукацыі.

Пытанняў застаецца шмат

«Існуе ўнутраная недапасаванасць на ўзроўні палітычным, але маюцца яшчэ і адміністрацыйныя праблемы, звязаныя з тым, што між рознымі ведамствамі існуюць сурʼёзныя рознагалоссі і адсутнічае ўзаемаразуменне. І, нарэшце, адсутнасць моцнае акадэмічнае супольнасці, якая зацікаўленая за свае правы», – мяркуе Уладзімір Дунаеў з Грамадскага Балонскага камітэту.

Вынік – выцек мазгоў з краіны

Для адлічаных студэнтаў існуюць замежныя праграмы. Хаця яшчэ тры дні таму Лукашэнка гаварыў выпускнікам, што яны патрэбныя Беларусі, што тут – іхны дом.

Сяргей Падсасонны, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары