Байкот байкоту: чаму Лукашэнцы не быць адзіным кандыдатам?


Няроўныя ўмовы ўдзелу ў выбарчай гонцы, дыскрэдытацыя ды пераслед наймацнейшых канкурэнтаў Лукашэнкі, рэпрэсіі ды запалохванне выбарцаў. У такіх умовах не могуць адбыцца сумленныя выбары. Партыя БНФ заклікала ўсіх патэнцыйных кандыдатаў не быць саўдзельнікамі злачынства і адмовіцца ад удзелу ў кампаніі. Што на гэта тыя, ад рашэння якіх залежыць лёс сёлетніх выбараў?

Найстарэйшая партыя Беларусі заклікае пакінуць Лукашэнку самога ў сёлетняй кампаніі на знак пратэсту «каронавыбарам» ва ўмовах рэпрэсіяў. Альтэрнатыўныя – супраць.

Ганна Канапацкая, вылучэнка на прэзідэнта:

«Я не буду здымацца з выбараў, бо беларускае заканадаўства сёння прадугледжвае магчымасць правядзення выбараў Рэспублікі Беларусь з адным кандыдатам».

Былая дэпутатка і вылучэнка на кандыдата наведала Горадню, каб падтрымаць сябра сваёй ініцыятыўнай групы Ежы Грыгенча… За ўдзел у «ланцугу салідарнасці» яго асудзілі на 10 содняў:

«Яны гэтымі судамі папросту намагаюцца запужаць простых людзей».

Актыўным жа – даюць содні, адбываць якія змусяць бліжэй да выбараў – лічыць спадар Ежы. І ўсцяж штрафуюць. Гэтак, таксама ў Горадні, за прысутнасць на гэтым мосце, Br 540 прысудзілі прадстаўніцы ініцыятыўнай групы Святланы ЦіханоўскайЮліі Карначовай:

«Цырк. Гэта чарговыя мае 20 базавых ні за што. Сёння мы ў чарговы раз паглядзелі, як працуе нашая судовая сістэма».

Колькасць палітычных зняволеных у Беларусі склала 25 чалавек. Апошняга праваабарончая супольнасць дадала сёння – гэта адміністратар сацыяльных сетак кампаніі «Страна для жизни» Дзмітрый Папоў.

Праваабаронцы кампаніі «За справядлівыя выбары» падлічылі, што ад пачатку сёлетняй кампаніі затрыманыя былі прынамсі 703 асобы.

«Іх пераслед мы звязваем менавіта з рэалізацыяй іх права на кіраванне краінаю шляхам удзелу ў выбарах, што абсалютна недапушчальна», – кажа Валянцін Стэфановіч.

Апроч рэпрэсіяў праваабаронцы звяртаюць увагу на недэмакратычнасць і непразрыстасць выбарчых працэдур.

«Я баюся што мы можам не пабачыць у выбарчых бюлетэнях ні Бабарыку, ні Ціханоўскую. Цапкала мы там дакладна не пабачым», – лічыць праваабаронца Стэфановіч.

ЦВК адхіліла як несапраўдныя 85 тысяч подпісаў за Цапкалу. І хоць людзі праз інтэрнэт пацвердзілі больш за 50 тысячаў, атрымалі адказ:

«Выбарчае заканадаўства не прадугледжвае працэдуры пераправеркі подпісу выбарніка паводле ягонага патрабавання. Няма таксама прававых падставаў для задавальнення зваротаў выбарнікаў з просьбай улічыць іх подпіс у выпадку, калі яго не ўлічылі».

Але штаб Цапкалы не думае пра байкот – працягвае змаганне за рэгістрацыю.

«Для нас галоўнае што ў Валерыя Цапкалы хапае подпісаў для рэгістрацыі яго кандыдатам на прэзідэнта. Асноўная прэтэнзія да нашых подпісаў – 90 %, што дата ў лістах пастаўленая не ўласнаручна», – Ілля Дабратвор, паліттэхнолаг штабу Цапкалы.

У штабе вылучэнца абураюцца, што такую праверку подпісаў праводзілі толькі ў адносінах дваіх імаверных кандыдатаў, што лічаць дыскрымінацыяй. У ЦВК адвезлі скаргу на парушэнні тэрытарыяльных камісіяў пры правяранні.

Ужо заўтра даведаемся, ці гэтыя аргументы ў ЦВК будуць узятыя пад увагу і паглядзім, каго ўсё ж зарэгіструе Лідзія Ярмошына.

Юлія Цяльпук belsat.eu