Баевікі «Ісламскай Дзяржавы» будуць ваяваць расейскай зброяй


Паўстанцы мусяць здацца або памерці. Прадстаўнікі сірыйскага ўрадавага войска заяўляюць, што Алепа амаль цалкам перайшло пад іхны кантроль.

За апошнія содні вуліцы гэтага сірыйскага гораду фактычна апусцелі – тысячы людзей пакідаюць шматпакутны Алепа, у якім трываюць суворыя баі.

Адначасова з гэтым у Камітэт правоў чалавека ААН паступаюць паведамленні, што жаўнеры аль-Асада шукаюць агентаў апазіцыі сярод уцекачоў і катуюць некаторых мужчынаў. У ААН таксама заяўляюць, што сірыйскія вайскоўцы, якія ўрываюцца ў дамы мірных жыхароў, забілі за апошнія содні як мінімум 82 асобы, у тым ліку 13 дзяцей і 11 жанчын.

АСААД МАХДУ, ЖЫХАР АЛЕПА:

«Мы будзем аднаўляць горад. Але гэта нішто ў параўнанні з моладдзю, якая загінула. Мы можам аднавіць камень, але мы не здолеем аднавіць радзімы».

Пакуль жа сілы Башара аль-Асада ды ягоных хаўруснікаў былі сканцэнтраваныя на Алепа, іншы сірыйскі горад – Пальміра – цалкам перайшоў пад кантроль баевікоў «Ісламскае дзяржавы».

САРЫКІС КАСАРГ’ЯН, ПАЛІТОЛАГ, СІРЫЯ:

«Калі казаць пра Пальміру – я думаю, што для сірыйскага ўраду галоўная праблема цяпер – гэта размяшчэнне паблізу нафтавых і газавых радовішчаў. Але немалаважную ролю тут адыгрывае і гістарычнае значэнне гэтага гораду».

Што ж да Расеі, то для яе здача старажытнага гораду – яшчэ і пытанне прэстыжу, бо папярэдняе вызваленне Пальміры шырока выкарыстоўвалася Крамлём у прапагандысцкіх мэтах: сёлета ў траўні тут нават адбыўся сімфанічны канцэрт.

АРСЕН СІВІЦКІ, ЦЭНТР СТРАТЭГІЧНЫХ ДАСЛЕДАВАННЯЎ:

«Так, сімвалічныя страты ёсць, бо нават неяк не вельмі хораша атрымоўваецца. Бо нават медалі расейскія вайскоўцы атрымалі за захоп Пальміры».

Днямі расейскі тэлеканал «Вести» пацвердзіў здагадкі, што ў Сірыі, акрамя расейскай авіяцыі, дзеюць яшчэ і падраздзяленні сілаў спецыяльных аперацыяў.

Але ад поўнамаштабнай сухаземнай аперацыі ў Сірыі Масква рашуча адхрысцілася. І наўрад ці наважыцца на яе, мяркуюць адмыслоўцы.

АРСЕН СІВІЦКІ:

«Бо гэта будзе мець вельмі непрадказальныя наступствы. Гэта па-першае. Па-другое, вельмі шмат гульцоў грае на сірыйскім полі, з якімі Расея не хоча страціць сяброўства. Гэта і Сірыі, і Саўдаўская Аравія, і Катар, і нават Ізраіль».

Акурат сёння джыхадысты заявілі пра захоп у Пальміры дзясяткаў танкаў расейскае вытворчасці, а таксама ракетаў для ўстановак «Град» ды вялікай колькасці боепрыпасаў. Раней баевікі «Ісламскае дзяржавы» наблізіліся да авіябазы Т4 блізу старажытнага гораду, якую выкарыстоўвае расейская авіяцыя. У выніку пад пагрозаю акружэння ісламістамі з Пальміры ўцяклі цэлыя вайсковыя падраздзяленні.

Віталь Бабін, «Белсат»