Аб'ектыў Бабруйск за адмену Дэкрэта № 3


«Свабоду» і «Сыходзь!». «Баста!». «Мы не рабы!» і «Разам мы сіла!». Сярод іншых гэтыя лозунгі гучалі сёння ў Бабруйску, дзе апоўдні пачалася чарговая акцыя не за прыпыненне, але за поўную адмену дэкрэту аб гэтак званым дармаедстве.

Нягледзячы на пагрозы, паводле сведчанняў мітынгоўцаў, напрыклад, звальнення і адлічэння студэнтаў, на плошчы Леніна ў Бабруйску сабраліся каля тысячы чалавек.

Адна з удзельніц маршу недармаедаў у Бабруйску выказваецца:

«Я лічу, што ўсе людзі павінныя выйсці. Бо гэта датычыць кожнага чалавека. Ні маладога, ні старога, а кожнага».

Каб перашкодзіць правядзенню Маршу недармаедаў, напярэдадні ключавыя пункты на плошчы перад Бабруйскім гарвыканкамам абнеслі будаўнічым плотам. Сёння ж з будынку адміністрацыі даносіліся гучныя спевы жаночага хору. Між тым пратэстоўцы заклікаюць улады змагацца не з пратэстамі беспрацоўных, а з татальным беспрацоўем.

На пратэст, што прайшоў у Воршы, выйшаў амаль кожны соты жыхар гораду, дзе настолькі масавыя акцыі праходзілі хіба толькі на пачатку дзевяностых.

«Шмат каму на дзяржпрадпрыемствах забаранілі прыходзіць на мітынг у сувязі са звальненнем. Але трэба народу падымацца, не баяцца, усё будзе добра, калі мы ўсе разам выйдзем. Галоўнае, каб Менск падняўся. Жыве Беларусь», кажа адзін з удзельнікаў марша.

Марш недармаедаў у Воршы, гэтаксама як і ў Бабруйску, адбываўся без выразнай каардынацыі палітычных лідараў. Прадстаўнік партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», аршанец Павал Севярынец, звярнуў увагу, што не перашкодзілі правядзенню акцыі і затрыманні вядомых апазіцыянераў.

Удзельнікі акцыі прайшлі маршам ад галоўнай плошчы да гарадскога выканкаму. Адметна, што і Воршы, і ў Бабруйску апроч сацыяльных і эканамічных патрабаванняў гучалі палітычныя заклікі.

Лола Бурыева, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары