Бабруйск, Баранавічы, Берасце: пратэсты супраць «дармаедскага» дэкрэту


Разам з Віцебскам і з такімі лозунгамі таксама пратэставалі Берасце, Бабруйск ды Баранавічы. Па ўсёй краіне на вуліцы выйшлі прыблізна 7 тысячаў чалавек. І паўсюль незадаволенне палітыкай уладаў ды жаданне пераменаў. Даведзеныя да адчаю беларусы ехалі на акцыі з суседніх мясцовасцяў. Былі апазіцыйныя палітыкі. І словы падзякі нашаму тэлеканалу. 

Удзельнікі пратэсту ў Бабруйску

«Мне 22 гады, не магу знайсці працу. Па заводах на 1 працоўнае месца вельмі шмат людзей, працы нідзе няма».

«Нас і так цяпер паставілі ў такія ўмовы – і палітычныя, і эканамічныя. Калі мы не сказам яснае «Не» дэкрэту № 3, улада нас проста будзе гнабіць».

Сустаршыня «Беларускай хрысціянскай дэмакратыі», нарадзінец Бабруйску Віталь Рымашэўскі заклікаў прысутных пратэставаць супраць дэкрэту надалей.

Берасцейскі марш

З лозунгам «Лукашэнка, сыходзь!» у Берасці каля трохсот чалавек прайшлі ад плошчы Леніна да будынку аблвыканкаму.

У натоўпе – людзі рознага веку і сацыяльных слаёў. Некаторыя прыйшлі семʼямі. Як і ў іншых гарадах, пратэстуюць не толькі тыя, хто атрымаў «лісты шчасця».

гавораць удзельнікі маршу ў Берасці

«Сёння беспрацоўны, заўтра працоўны, паслязаўтра пенсіянер… калі мы не будзем праяўляць падтрыманне адно аднаму, якая ж мы нацыя, якое сплачэнне? […] Мяне саму гэта не датычыць, з гэтым усе ў парадку, мне не прыходзіла паперка. Але я лічу, што супраць няправільных законаў мы мусім сказаць сваё »Не«».

«Я таксама не дармаед, але любы можа аказацца «дармаедам» у любы момант. Ды і агулам у нашай краіне поўная… вы самі ведаеце што».

«У паліклініку іду – плачу, на камісію іду – плачу, дзіцяці ў школу – грошы збіраюць на харчаванне. Які я дармаед?»

Пратэст скончыўся на вуліцы Савецкай, дзе скандавалі «Баста

Пратэст ў Баранавічах

Тры сотні чалавек сабраліся на пратэсце ў Баранавічах. Шмат хто казаў, што прыйшоў на мітынг упершыню ў жыцці.

Алена Ярмолік:

«Муж працуе, але гэта датычыць маёй сямʼі. Муж другі месяц сядзіць без працы, бо на прадпрыемствах кіраўнікі не могуць закупіць матэрыялы! Дзеці былі ІП, іх задушылі падаткамі!»

Уладзімір Шыгаеў, індывідуальны прадпрымальнік:

«Гандлюю, бачу як стогнуць людзі, як яны харчуюцца. Людзі мала прыходзяць, бо баяцца згубіць працу нават за 200 рублёў».

Пабачыўшы здымачную групу «Белсату», людзі падыходзілі не толькі каб распавесці пра набалелае:

«Мне хацелася б выказаць удзячнасць тэлеканалу Белсат за вашую працу, што вы асвятляеце ўсе гэтыя падзеі».

Гучалі і словы надзеі: тыя, хто ўладамі не задаволены ўжо даўно, адчулі, што змены не за гарамі:

«Я лічу што сёлета мы зробім тое, што хочам. Гэта год – год пераменаў».

Перад прысутнымі выступіў лідар абʼяднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. На ягонае меркаванне, Баранавічы пасля доўгіх гадоў прабудзіліся ад палітычнае комы.

«Прагучала моцнае пасланне да мясцовых уладаў: трэба павярнуцца тварам да людзей. Гэта моцнае пасланне да тых, хто не прыйшоў сюды, хто назірае з сваёй кватэры праз вокны: людзі, перастаньце баяцца, за вас ніхто не вырашыць вашыя праблемы!»

У Баранавічах, як і ў Бабруйску ды Берасці, людзі дамовіліся пратэставаць надалей і дамагацца не толькі адмены дэкрэту.

Марына Вашкевіч, belsat.eu