Аварыя ў Відамлі: сутыкнуліся цяжкавік і маршрутка з 22 пасажырамі


Жахлівае дарожна-транспартавае здарэнне на Берасцейшчыне. Ёсць пацярпелыя і смяротны вынік. Падрабязнасці з месца падзеяў у Ігара Кулея.

У выніку жудаснай аварыі, што адбылася сёння раніцай у Відамлі, дзе сутыкнуліся цяжкавік і маршрутка, поўная пасажыраў, пацярпелі 22 асобы. 19 з іх спачатку трапілі ў Камянецкі цэнтральны раённы шпіталь. Пазней большасць перавезлі ў больніцы Берасця. Жанчына, якую першаю прывезлі зранку ў Камянец, памерла на аперацыйным стале.

Трагедыя адбылася каля 9 раніцы ў цэнтры Відамлі на буйным скрыжаванні дзвюх рухлівых дарог: Берасце – Камянец і Слонім – Высокае. Цяжкавік з прычэпам, у якога, імаверна, адмовілі тармазы, уехаў у поўную пасажыраў маршрутку Камянец – Берасце.

«Хлапок! Я ззаду адхіляюся і ўсё. І не ведаю, што далей рабіць. І крычу – вызывайце хуткую! А ў самой тэлефон у кішэні. І ўжо гляджу – нашыя медыкі пруць. Глянула, што дзяўчынка руку звесіла, і ўсё. І я больш не магу. І плачу, і стаю. Во, Пятроўна прыйшла і ўсё», – распавядае відавочца здарэння спадарыня Валянціна.

Паводле Берасцейскай ДАІ, найбольш верагодная прычына здарэння – тэхнічная няспраўнасць цяжкавіка.

Пасля ўдару цяжкавік праляцеў па дарозе яшчэ некалькі сотняў метраў. Цэлы дзень на месцы здарэння працавалі прадстаўнікі Следчага камітэту і дарожнай аўтаінспекцыі. Сведкі здарэння кажуць, што сярод пацярпелых былі маладыя дзяўчыны, якія ехалі ў Берасце на экзамены.

Ігар Кулей, belsat.eu

Абноўлена
Жахлівае ДТЗ на Берасцейшчыне: фура пратараніла маршрутку
2019.06.21 12:02