Аўтазакі – на сувеніры! Якія нетыповыя сувеніры прывезці з Менску?


Праз тры дні ў Менску распачнуцца Другія Еўрапейскія гульні. Па ўсёй сталіцы размешчаныя выявы талісмана падзеі – ліса Лесіка. Ён жа стаў і галоўным тэматычным сувенірам.

Шапік «Хутка смачна», бляшанка згушчанага малака, трактар і, вядома ж, аўтазак. Простыя рэчы, якія сімвалізуюць пэўную частку жыцця кожнага беларуса. Значкі ў форме гэтых ды іншых знаёмых нам прадметаў – выдатны спосаб распавесці замежным турыстам пра айчынную штодзённасць.

Крама «Зорка Венера» спрабуе адлюстроўваць у значках розныя з’явы сучаснай Беларусі. Напрыклад, жоўтыя вазы з праспекту Незалежнасці, што ўзрушылі сёлета жыхароў Менску, ці запаветны заробак «папяцьсот». А прэзентацыя значка з ружовым аўтазакам адбылася акурат у дзень адстаўкі міністра ўнутраных справаў Ігара Шуневіча.

Васіль Бялько, дырэктар крамы «Зорка Венера», распавядае:

«Нашы значкі такія субʼектыўныя, мы не прэтэндуем на званне сувеніра ці сімвалу Беларусі. Але гэта тое, як мы яе бачым, тое, што мы бачым кожны дзень навокал. І мы вырашылі выбраць нейкія такія рэчы, якія не ляжаць на паверхні, але ў той жа час пра іх ведае кожны беларус і нават замежнікі».

А якія сімвалы ўзяць з сабою на сувенірах параілі замежнікам жыхары Менску?

«Зубр, бусел, краіну нашую намаляваць яшчэ».

«Нацыянальная бібліятэка, Берасцейская крэпасць».

«Герб, сцяг, штось такое».

«Прапанавала б Чырвоны касцёл прывезці».

«Зубр! Белавежскі зубр – думаю, што гэта чыста беларускае».

«Можа, штось з выявай зубра?»

«Алімпійскія гульні, там жа лісяня? Таму лісяня, напэўна. Ну, ці дзяўчыну беларускую».

Не дзіва, што і ў большасці шапікаў у цэнтры гораду асабліва арыгінальных сувеніраў не знайсці. Хоць там дастаткова і нацыянальнай сімволікі, і дзівосаў: аблавухі, матрошкі, сімволіка СССР і нават савецкія пілоткі з надпісам «патрульна-паставая служба».

Дырэктар крамы «Зорка Венера» Васіль Бялько кажа:

«Як такога брэнду Беларусі ў нас дагэтуль няма. Яго спрабавалі ствараць. Праз такія зразумелыя і лакальныя рэчы расказваць пра нашую краіну – гэта, мне здаецца, крута, і гэта сапраўды пашырае нейкі погляд пра Беларусь. Мы, канечне, не толькі пра аўтазак расказваем, але пра іншыя нейкія рэчы: у нас у суме больш за 30 піноў ужо выйшла. Там адсылкі да мастацтва, часта нейкая ежа выходзіць. Вось бляшанка згушчанкі вельмі папулярная».

Паводле Васіля Бялька, менавіта лакальныя мэмы і робяцца цяпер найбольш папулярнымі зʼявамі ды абʼектамі для турыстаў, бо жаданне пагрузіцца ў мясцовую атмасферу пераважае над простымі сімваламі.

Сітуацыя ўжо класічная: пакуль прыватныя ініцыятывы імкнуцца праз сувеніры распавесці пра беларускія рэаліі, улады запоўнілі ўвесь горад выявамі афіцыйнага талісмана Еўрапейскіх гульняў – ліса Лесіка. Ці пад яскравай абгорткаю замежнікі ўбачаць сапраўдную рэчаіснасць з усімі плюсамі і мінусамі? Убачым ужо ў самым хуткім часе.

Зміцер Міцкевіч, belsat.eu