Аўтаваланцёры дапамагаюць вазіць цяжкахворых дзяцей


Соф’я Сыцько – каардынатарка аўтаваланцёраў дзіцячага госпісу. Знайсці кіроўцу, згоднага адвезці падапечнага госпісу ў патрэбнае месца, пракантраляваць гэты шлях – усё гэта абавязкі Софʼі.

Арцём Бяляй – адзін з валанцёраў, які дапамагае госпісу трэці год:

«Калі было больш часу, за месяц у мяне атрымлівалася разоў пяць выязджаць. У асноўным у мяне былі дзеткі маленькія, да 10 гадоў я вазіў. Я заўсёды імкнуся выклікаць давер у дзяцей, каб яны разумелі, што я не чужы чалавек, каб заўсёды маглі пра нейкія нюансы адразу мне сказаць».

Сёння задача Арцёма – прывезці з Асіповічаў у Менск на сустрэчу маладых людзей з інваліднасцю Дашу. Да развіцця аўтаваланцёрства такія Дашыны выезды арганізаваць было вельмі складана.

«Раней мне даводзілася на маршрутках, што даволі нязручна, таму што гэта доўга, гэта з перасадкамі, гэта трэба шукаць чалавека, які мяне падыме, бо тату не заўсёды з працы адпускаюць. Або зноў-такі наймаць нейкага кіроўцу – платна, натуральна», – тлумачыць студэнтка Дарʼя Альфяровіч.

Няпроста даводзіцца і аўтаваланцёру. Да кожнага пасажыра трэба знайсці падыход, а галоўнае – ведаць асаблівасці ягонага здароўя, якія дапамогуць давезці да месца з камфортам. Паводле Арцёма, першы час яму было боязна вазіць дзяцей, але цяпер замест страху прыйшло разуменне – навошта ён гэта робіць:

«Гэта дзеці. Гэта дзеці, якім трэба дапамагаць. Ім дапамагаюць іхныя бацькі, але бацькам таксама цяжка, яны аддаюць усё. І хочацца бацькам… каб нехта збоку дапамагаў».

Жыццё семʼяў падапечных госпісу значна палегчыла акцыя аўтасалону «Шкода» – «365 дзён дабра». Ужо трэці год дылер чэшскае вытворцы вылучае машыну для перавозу цяжкахворых дзяцей.

Ірына Байдакова працуе спецыялістам сацыяльнай працы госпісу і ведае пра акцыю:

«Дзякуючы «Шкодзе», вядома… Гэта выдатны праект быў. Ён быў на год. Але і на «Шкодзе» кіраўніцтва бачыла, якую дапамогу каласальную яны аказваюць і мы дзякавалі, бо гэта вялікая дапамога для сямʼі. І мы працягнулі».

Аўтаваланцёраў, якія дапамагаюць госпісу пастаянна, – не больш за дваццаць. З кожным Софʼя знаёмая асабіста, але на ўсіх цяжкахворых дзяцей валанцёраў не стае. Два гады таму кампанія-рэзідэнт Парку высокіх тэхналогіяў «Ай-Бі-Эй Груп» распрацавала мабільнае прыкладанне «Аўтаваланцёр», у якім сёння зарэгістраваныя ўжо 1340 кіроўцаў.

Гэта аблягчыла працу Софʼі Сыцько:

«Цяпер я з большай упэўненасцю магу сказаць, што заяўку прымуць. Я думаю, што адсоткаў 70 заявак пакрываецца. 60–70, вось так. Ну бывае, што за тыдзень толькі палова заявак выкананая».

Каб дапамогу змаглі атрымліваць сто адсоткаў семʼяў, якія маюць патрэбу, кожны ахвочы кіроўца можа зарэгістравацца ў «Аўтаваланцёры», вылучыць некалькі вольных гадзінаў і пачаць дапамагаць тым, каму вельмі важна бачыць свет.

Алена Дубовік belsat.eu