Аўтарытарная супраца. Што Менск хоча прадаць Узбекістану?


Вітальныя расцяжкі і сцягі Узбекістану. Менск рыхтуецца да прыезду прэзідэнта гэтай краіны Шаўката Мірзіёева, які сёння прыбывае ў беларускую сталіцу з афіцыйным візітам. Сустрэча кіраўнікоў краінаў адбудзецца заўтра, але ўжо вядома, што галоўным пытаннем стане эканамічная супраца. Што Менск хоча прадаць узбекам і ці варта нам інвеставаць ва Узбекістан?

Зборка беларускіх трактароў і садовай тэхнікі ва Узбекістане, выраб баваўняных тканінаў, лекаў і кааперацыя ў сферы ІТ. Каб абмеркаваць рэалізацыю гэтых праектаў, як заяўляюць афіцыйныя медыі, у Менск прыехаў прэзідэнт Узбекістану. Дзяржава з іншаю культурай, але з падобнаю логікай улады, кажа палітолаг Валер Карбалевіч:

«Логіка недэмакратычнага кіравання, логіка ўтрымання ўлады ва ўмовах недэмакратычнага палітычнага рэжыму – гэта логіка, у прынцыпе, падобная».

Развіццю аўтарытарнага партнёрства паспрыяў мінулагодні візіт Лукашэнкі ў Ташкент. Гандаль Беларусі ды Узбекістану паспеў вырасці амаль удвая, але надалей застаецца сціплым. За мінулы год Беларусь прадала Узбекістану трактароў, цукру і лекаў на 96 мільёнаў долараў, а закупіла бавоўны і сухафруктаў на 35 мільёнаў.

«Шанец палепшыць гандаль паміж Узбекістанам і Беларуссю ёсць, бо пачынаецца ён з вельмі нізкай базы. Падчас кіравання Узбекістанам былога прэзідэнта Карымава адносіны паміж Беларуссю і Узбекістанам былі вельмі слабыя», – тлумачыць палітолаг Валер Карбалевіч.

Новага прэзідэнта Узбекістану, у параўнанні з памерлым дыктатарам Карымавым, можна смела назваць лібералам і рэфарматарам. Мірзіёеў выпусціў з турмаў праваабаронцаў і журналістаў. Сусветны банк летась выдаў яму 500 мільёнаў долараў на рэформы: адкрыццё рынку, развіццё прыватных фірмаў, лібералізацыю цэнаў. Без візы ва Узбекістан могуць прыехаць грамадзяне 64 краінаў. Аднак ці едуць інвестары?

«У краіну ўкладаюць грошы толькі тыя інвестары, якія атрымалі асабістую гарантыю ад сям’і Мірзіёева. Яны абапіраюцца выключна на давер да сказанага, але не на законныя гарантыі ўласнасці ў гэтай краіне», – распавядае Надзея Атаева, узбекская праваабаронца.

Інвестараў і рынкі Узбекістан шукае як на Захадзе, гэтак і на Усходзе. Прадэманстраваць беларусам свае тавары ў Менск прыехалі вытворцы тканінаў, станкоў, віна і аўтамабільных дэталяў.

Санджар Махмудаў, дзяржкампанія «UZAUTOSANOAT»:

«Нашыя перспектыўныя мэты – зрабіць свой унёсак у развіццё беларускай аўтамабільнай прамысловасці, у лакалізацыю, пастаўляць нейкія дэталі для вашага рынку, на той жа МАЗ».

Менск жа хоча прадаваць ва Узбекістан не толькі МАЗы і трактары. Нядаўна ў Менску цэлых пяць дзён гасцілі прадстаўнікі Дзяржаўнага камітэту абароннай прамысловасці Узбекістану. Наступнае паседжанне супольнай камісіі ў вайсковай супрацы пройдзе ўжо ва Узбекістане.

Аляксандр Папко, belsat.eu