Аўтапрабег пуцінцаў па Беларусі – рыхтаванне да анексіі?


З георгіеўскімі стужкамі і выявамі Пуціна. Аўтакалона з прапуцінскімі актывістамі напярэдадні ўвечары без дазволу праехала вуліцамі Менску.

Раней арганізацыя, якая не мае рэгістрацыі ў Беларусі, абвесціла ўсерасейскі гуманітарны аўтапрабег «Вялікая Расея». Мэта акцыі – сабраць гуманітарную дапамогу жыхарам Данбасу. Памкненне нават шляхетнае, калі б не той факт, што актывісты Нацыянальна-вызвольнага руху падтрымліваюць анексію Крыму і сепаратыстаў. А Беларусь называюць часткаю «русского мира».

«Думаю, у прапуцінскіх актывістаў задача – разведка. Бо рыхтуецца сцэнар кшталту крымскага альбо данецкага», – упэўнены паліты Павал Севярынец.

У такой сітуацыі звяртае ўвагу рэакцыя ўладаў Беларусі

А дакладней – яе адсутнасць. Групавы праезд з сімволікаю падпадае пад закон аб масавых імпрэзах. Правядзенне такой акцыі без дазволу ўладаў караецца штрафам ці адміністратыўным арыштам.

«Гэта як мінімум сведчыць пра тое, што ёсць у Беларусі людзі пры ўладзе, якія гатовыя заплюшчваць вочы на такія дзеянні», – мяркуе філосаф Уладзімір Мацкевіч.

Праваслаўная царква падтрымала незалежнасць

Апрача прабегу, яго ўдзельнікі планавалі зладзіць малебен у адной з беларускіх цэркваў. Але гэтыя планы рашуча перакрэсліла Беларуская праваслаўная царква.

«Мы пазбягаем тых, хто не прызнае самастойнасць нашай дзяржаўнасці, хто займаецца такой неадназначнай палітычнай дзейнасцю», – заявіў у эфіры Радыё «Свабода» протаіерэй Сяргей Лепін.

Гэткая адмова выклікала разгубленасць расейцаў і падтрыманне з боку дэмакратычнае супольнасці Беларусі.

Пагатоў эксперты бачаць у гэтым не адзіночны інцыдэнт, а спланаваную кампанію. Якая невыпадкова адбываецца адначасова з манеўрамі «Захад-2017»

«Тыя, хто сімпатызуюць сёння Расеі, Пуціну, і хацеў бы бачыць Беларусь у складзе Расеі, ім патрэбныя падтрымка інфарматыўная і падтрымка большасці», – даводзіць спадар Мацкевіч.

І сёлета гэта не першая акцыя Нацыянальна-вызвольнага руху ў Менску. У лютым шасцёра актывістаў з беларускага філіялу арганізацыі зладзілі пікет на плошчы Незалежнасці на падтрыманне Расеі.

Вольга Жарнасек, «Белсат», фота: svaboda.org